В Шумилино прошёл слёт выпускников школ района

Актуалии Молодёжь Образование

Злёт выпускнікоў. Сучасны спецыяліст павінен валодаць двума-трыма прафесіямі
У сераду зала Шумілінскага ГДК была поўная старшакласнікаў са школ раёна. Праходзіў традыцыйны злёт выпускнікоў. “Сёння вам не пазайздросціш, бо вы стаіце перад самым адказным выбарам у сваім жыцці. Вы выбіраеце сваю будучыню, сваю прафесію. Гэта вельмі складаны выбар. Да таго, вы адразу трапляеце ў сапраўдную канкурэнтную барацьбу, бо перамогуць і паступяць ў абраную навучальную ўстанову не ўсе, а толькі мацнейшыя”, — сказаў, звяртаючыся да выпускнікоў  намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч расказаў, што ў раёне ёсць патрэба ў кадрах ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі, патрабуюцца як спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, так і рабочыя масавых прафесій. Раённыя ўлады, кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый зацікаўлены ў вяртанні выпускнікоў школ у раён пасля атрымання спецыяльнасці.
Перад прысутнымі выступіла Г. А. Галай, прадстаўнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, якая расказала пра парадак афармлення на работу, звярнула ўвагу на моманты, якія патрабуюць пільнасці пры працаўладкаванні.
Прэзентацыю ўстаноў адукацыі адкрыла дацэнт Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Г. Ф. Таранава, якая, дарэчы, пачынала свой працоўны шлях у Шумілінскім раёне. БДСГА – буйнейшая сельскагаспадарчая ВНУ краіны, якая штгогод выпускае 3 тысячы спецыялістаў па 24 спецыяльнасцях для АПК Беларусі, іншых дзяржаў блізкага і далёкага замежжа.
Свае навучальныя ўстановы прадставілі прадстаўнікі іншых сельскагаспадарчых навучальных устаноў: Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Гарадоцкага і лепельскага аграрна-тэхнічных каледжаў, Гарадоцкага і Ульскага прафесійных каледжаў.
Аб патрэбах раённай медыцыны расказаў галоўны урач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў, які запрасіў выпускнікоў паступаць ў медыцынскія вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы.
З прэзентацыямі сваіх навучальных устаноў выступілі дэлегаты з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя П. М. Машэрава, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту.
Усе выступаючыя падкрэслівалі магчымасць атрымання падчас навучання другой ці нават трэцяй спецыяльнасці. Гэта павышае канкурэнтаздольнасць будучых спецыялістаў на рынку працы, адкрывае перад імі больш магчымасцяў у прафесійнай самарэалізацыі, падкрэслівалі прадстаўнікі навучальных устаноў. Усе яны адзначалі магчымасць непарыўнай адукацыі, калі лепшыя выпускнікі сярэдніх спецыяльных устаноў могуць прадоўжыць адукацыю ў ВНУ без уступных экзаменаў адразу з другога ці трэцяга курса.
Шумілінскія выпускнікі ўважліва успрымалі паступаючую інфармацыю, бо нягледзячы на тое, што да прыняцця рашэння засталося не так і шмат часу (у маі пройдзе рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне), многія яшчэ не вызначыліся не толькі з канкрэтнай навучальнай установай, але нават з будучай прафесіяй.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *