Джутовая филигрань Светланы Шиленковой из деревни Язвино

Мир увлечений

Святлана Шылянкова, якая ўсё жыццё жыла ў горадзе, чатыры гады таму прамянала абласны цэнтр на вясковае жыццё, пераехаўшы ў Язвіна.

Уласны дом, вялікі агарод, некалькі цяпліц – есць чым займацца і да чаго прыкласці рукі разам з мужам Сяргеем Пятровым. Ну, а акрамя работ на агародзе ў Святлана ёсць хобі. «Усё жыццё не было часу: то дзяцей выхоўвала, то працавала. А зараз на пенсіі я аджыла, – кажа Святлана Канстанцінаўна. – Гэта цудоўны час у жыцці чалавека, калі займаешся тым, чым хочаш. Летам я завіхаюся на агародзе, а вось зімой займаюся любімай справай».

Святлана захоплена джутавай філігранню і вырабам скураных карцін. Можа цэлымі гадзінамі сядзець і фантазіраваць. «Джутавая філігрань – майстэрства стварэння з джуту і клею неверагодна прыгожых вырабаў і прадметаў дэкору, – кажа Святлана. – Даспадобы, што тэхніка вельмі зручная, не патрабуе спецыяльных інструментаў. І каляровае рашэнне можа быць любым – акрылавыя фарбы ў дапамогу.

Работа карпатлівая і не вельмі хуткая (на аб’ёмныя рэчы патрабуюцца два-тры тыдні), затое якое задавальненне і якая прыгажосць. Святлана Шылянкова робіць карціны, пано, упрыгожанні і шмат яшчэ цікавага і ўнікальнага. Так, аздобіла стулы, паднос для чаю і кавы, вазу для кветак, рамку для карціны. Спачатку брала ідэі з інтэрнэту, а зараз прыдумвае вобразы для будучых вырабаў сама.

Другое захапленне Святланы – скураныя карціны. Аднойчы паспрабавала, і тэхніка вельмі спадабалася. Натхнен-не, зноў жа, чэрпае з навакольнага све-ту: жытнёвага поля, квітнеючых званочкаў, з прыгажосці рамонак. Калі родныя і знаёмыя даведаліся пра такі занятак Святланы, пачалі дапамагаць матэрыяламі. Адзін скураное паліто прынёс, якое стала цесным, другі – батфорты, трэці – сумачку.

– Захапленне падымае настрой, прыносіць асалоду і дапамагае адпачыць, – кажа Святлана. – Разам з тым пры рабоце патрэбны ўседлівасць, акуратнасць, творчае мысленне і нават дызайнерская жылка. Плюс вялікае жаданне. Калі ў вас усё гэта ёсць, прыязджайце, навучу рабіць скураныя карціны і прыгожыя вырабы ў тэхніцы джутавай філіграні.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *