Стартовал смотр-конкурс «Наш безопасный дом (квартира)»

Безопасность Общество

«Наш бяспечны дом»

У рамках рэспубліканскай акцыі «Бяспека – у кожны дом» стартаваў агляд-конкурс «Наш бяспечны дом (кватэра)», накіраваны на прывядзенне ў супрацьпажарны стан дамоў і кватэр, зніжэнне колькасці надзвычайных сітуацый у жыллі грамадзян, прапаганду ведаў у галіне бяспекі жыццядзейнасці.

Конкурс праводзіцца ў трох намінацыях: «Гэта бяспечны дом – наведзены парадак у ім!»; «Зрабі матулін, татаў дом з бяспечным ачагом!»; «Мая печка хараша – у яе ўкладзена душа!». Для ўдзелу ў намінацыі «Гэта бяспечны дом – наведзены парадак у ім!» неабходна прадставіць праект (у выглядзе фотаздымкаў або відэароліка працягласцю да 1.30 хвілін) забеспячэння бяспекі ў сваім доме (кватэры). Гаспадары прыватных дамоў дадаткова могуць прадэманстраваць свой падыход да забеспячэння бяспекі на прыдамавой тэрыторыі. Удзельнікі могуць рэалізаваць праекты па прынцыпе «да і пасля».

Для намінацыі «Зрабі матулін, татаў дом з бяспечным ачагом!» неабходна паказаць, якая дапамога аказваецца састарэлым бацькам у забеспячэнні бяспекі ў доме. Можна рэалізаваць праекты па прынцыпе «да і пасля».

Для ўдзелу ў намінацыі «Мая печка хараша – у яе ўкладзена душа!» неабходна расказаць пра свае прыборы ацяплення (печ, камін і г. д.), выкананыя ў незвычайнай манеры, пра працэс стварэння прыбора ацяплення (праектаванне, будаўніцтва, выкарыстаныя матэрыялы і г. д.).

У конкурсе могуць прымаць удзел грамадзяне без узроставых і іншых абмежаванняў. Вітаецца ўдзел сем’яў у поўным складзе. Дапускаецца ўдзел як у асобнай намінацыі, так і ў некалькіх.

Работы трэба даслаць да 8 лютага 2023 года на электронную пошту shumilino@vitebsk.mchs.gov.by.

МНС нагадвае: не будзьце бестурботнымі ў абыходжанні з агнём. Не перагружайце электрасеткі, выключайце электрапрыборы з сеткі, не пакідайце малалетніх дзяцей дома адных. Памятайце: захаванасць вашага жыцця і маёмасці ў першую чаргу залежыць ад вас.

Вадзім ПІВАВАРАЎ,

інспектар РАНС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *