Родители пьют даже под угрозой отобрания детей

Общество Семья

На сямейным фронце трывожна
У мінулую сераду быў праведзены рэйд па шумілінскіх сем’ях, дзе ёсць праблемы па выхаванні дзяцей. Упаўнаважаная райвыканкамам камісія наведала 15 сем’яў.
Безумоўна, такі пастаянны кантроль прымушае большасць бацькоў задумацца пра сваё жыццё і сваіх малых. Праўда, яшчэ не да ўсіх дайшло, што дзяржава абароніць дзяцей ад гора-бацькоў, у тым ліку і шляхам адабрання дзяцей з сям’і.
Наведваемся ў новыя кааператыўныя дамы, што ў раёне СШ № 2. У адной з кватэр выхоўваюцца чацвёра дзетак. У доме – парадак. Але ж маці няма (яна адна выхоўвае дзяцей), самі па сабе – васьмігадовая дзяўчынка  і паўтарагадовы хлопчык. Куды пайшла маці, не ведаюць. Грамадзянку Л. выклікаюць на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, дзе, напэўна, зноў-такі нагадаюць пра тое, што нельга пакідаць дзяцей без нагляду.
Насцярожыла карціна ў сям’і С. Раней хлопчыка і дзяўчынку з гэтай сям’і ўжо забіралі ў Обальскі сацыяльны прытулак. Але бацькі сталі на шлях выпраўлення і дзяцей вярнулі дадому. Толькі сямейная ідылія доўжылася нядоўга, бацькі зноў запілі.  Вось і на момант прыезду камісіі бацька быў п’яны, дома паўсюль валяліся пустыя бутэлькі з-пад віна ды гарэлкі. На бліжэйшым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх будзе рашацца пытанне аб паўторным адабранні дзяцей.
Падчас нашага візіту спала нецвярозая і грамадзянка К. з райцэнтра. На стале стаяла пустая бутэлька з-пад гарэлкі, побач дзве чаркі. На яе думку, нічога ненармальнага не адбылося, маўляў, з бабуляй выпілі… Усё гэта адбываецца на вачах  у 15-гадовай дзяўчынкі – дачкі і ўнучкі, яна і есці сама наварыць, і ў кватэры прыбярэ.
Хлопчыка Ц. па-чалавечы шкада.  Улетку ў яго трагічна загінула маці. Цяжкія выпрабаванні для малога на гэтым не закончыліся: бацька запіў і зусім забыўся на сына. Хлопчыка адправілі ў Обальскі сацыяльны прытулак. Але лёс сына мужчыну, відаць, зусім не хвалюе: тэлефон, калі звоніць малы, ён не падымае, сам у Обаль не прыехаў ні разу. Падчас размовы з ім склалася ўражанне, што яму ўсё-роўна, пазбавяць яго бацькоўскіх правоў ці не.
Рэйд яшчэ раз паказаў, што на сямейным фронце вельмі трывожна і да поўнага ладу яшчэ далёка, што некаторым бацькам даражэй бутэлька, чым родныя дзеці…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №27 ад 03.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *