Криминал. Происшествия

Происшествия

Гультайка
Жыхарка а.-г. Светласельскі была  судзімая ў мінулым годзе за ўхіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетняга сына. Згодна з рашэннем суда жанчына павінна была адпрацаваць на грамадскіх работах 240 гадзін. Але  яна хадзіла на работу праз дзень, дапусціла больш за трыццаць прагулаў. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Пыласос
Зачастую на дачах людзі пакідаюць даволі каштоўныя рэчы, на якія могуць паквапіцца злодзеі. Аб гэтым нядаўна пашкадавала жыхарка Віцебска, якая звярнулася ў РАУС  з заявай, што яе дачны дом у Башнях абрабавалі. Злодзеі выставілі аконнае шкло і праніклі ў пакой. Адтуль укралі пыласос, электрабрытву, іншыя рэчы. Агульны ўрон складае амаль тры мільёны рублёў. Злачынцы вышукваюцца.
Пагроза
У міліцыю звярнуўся жыхар Лявонава. Ён расказаў, што адзін з вяскоўцаў праз незамкнёныя дзверы зайшоў у ягоную кватэру і стаў крычаць, што спаліць кватэру разам з гаспадаром. У пацвярджэнне сваіх слоў выліў з каністры на падлогу нейкую гаручую вадкасць.
Згодна з арт. 186 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Пагроза забойствам” па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Аўто
Раённая газета пісала, што ў пачатку сакавіка ў Крывым Сяле была пашкоджана легкавая машына віцябляніна – разбіта бакавое шкло, пашкоджаны бампер і стойка дзверцаў. Устаноўлена, што гэта злачынства здзейсніў мясцовы жыхар. Мужчына прызнаўся ў злачынстве і кампенсаваў урон пацярпеўшаму.
Тэлефон
Вельмі часта ў грамадзян пасля распіцця спіртных напіткаў з малазнаёмымі прападаюць мабільныя тэлефоны. Як, напрыклад, у жыхара Віцебска, які гасцяваў у райцэнтры. Пасля таго, як праспаўся, віцяблянін звярнуўся за дапамогай у міліцыю. І быў вельмі ўдзячны следча-аператыўнай групе, бо неўзабаве тэлефон знайшлі і вярнулі гаспадару. А ўкраў яго жыхар Шуміліна, з якім разам распівалі спіртное.
Загінулі на месцы
На мінулым тыдні на аўтадарозе Віцебск-Полацк (непадалёк ад в. Губіца) адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар Шуміліна, які на аўтамабілі “Рэно-Лагуна” ехаў у бок Полацка, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з МАЗам (ім кіраваў жыхар Віцебска), які рухаўся ў сустрэчным накірунку. У выніку ДТЗ вадзіцель “Рэно” і яго пасажыр (таксама жыхар райцэнтра) загінулі на месцы.
Па дадзенай аварыі супрацоўнікамі Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа. Праводзіцца праверка.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №27 ад 03.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *