Вопросы благоустройства и наведения порядка на земле рассмотрены на заседании райисполкома

2023 – Год мира и созидания Главное Официально

За парадак у адказе кожны

Адна з найбольш важных задач, да вырашэння якой маюць дачыненне літаральна ўсе жыхары раёна –гэта навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне і азеляненне населенных пунктаў. Нават няўзброеным вокам бачна, як прыгажэе наш горад і раён у цэлым. Што было зроблена за 2022 год і якія планы варта ўвасобіць у жыццё сёлета, абмеркавалі на адкрытым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло  30 студзеня пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Пушнова.

Як адзначыў у сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін, у 2022 годзе заданні зацверджанага раённага Плана мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі на тэрыторыі Шуміліншчыны выкананы, за выключэннем мерапрыемстваў па зносе невыкарыстоўваемых сельскагаспадарчых аб’ектаў. Пры плане зносу 10 аб’ектаў знесены толькі 2. Прычынамі гэтага Руслан Мікалаевіч назваў недахоп фінансавых сродкаў і адсутнасць спецыялізаванай тэхнікі.

Наогул з бюджэту раёналетась на добраўпарадкаванне накіравана 1 079 180,67 рублёў. На раённых суботніках зароблена 40 419,6 рубля. Значная частка з іх выдаткавана на добраўпарадкаванне і развіццё населенных пунктаў раёна, рамонт помнікаў воінам Вялікай Айчыннай вайны, стварэнне архітэктурных формаў, правядзенне культурна-масавых і іншыхмерапрыемстваў.

Поўнасцю асвоены сродкі – 96,7 тыс. рублёў –абласнога бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва для правядзення грамадскіх работ па добраўпарадкаванні.

Работ праведзена шмат. Вось галоўныя сярод іх:

Праведзены работы па добраўпарадкаванні 103 мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны (план – 58). Вялікая работа праведзена на месцы зараджэння партызанскага атрада – добраўпарадвакана памятнае месца «Корна» на тэрыторыі Обальскага сельсавета. Шмат работ выканана на грамадзянскіх могілках.

Пры плане 25 выкананы бягучы рамонт (афарбоўка і рамонт) 55 дзіцячых спартыўна-гульнявых пляцовак. Адрамантавана дзіцячае спартыўна-гульнявае абсталяванне зоны адпачынку каля возера Шумілінскае.

Створана каля 30 малых ландшафтна-архітэктурных мастацкіх формаў і комплексаў.

Знесены шматкватэрныя жылыя дамы па вул. Камунальная, 12 у райцэнтры, па вул. Дружбы, 8 у Обалі, аварыйныя гаспадарчыя пабудовы па вул. 40 год Кастрычніка, вул. Камунальная ў Шуміліне, знесены будынак грамадскай лазні па вул. Дружбы ў Обалі, невыкарыстоўваемы будынак па вул. Горнай у райцэнтры.

У населеных пунктах раёна выдалена 166 аварыйных дрэў, у тым ліку 56 – на грамадзянскіх могілках.

Выкананы рамонт і афарбоўка 9 фасадаў з добраўпарадкаваннем прылеглых тэрыторый.

За кошт сродкаў УП ЖКГ Шумілінскага раёна набыты і ўстаноўлены 203 кантэйнеры для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і цвёрдых камунальных адходаў.

Сіламі сельвыканкамаў, арганізацый, а таксама ўласнікамі знесены 62 пустуючыя дамы і г. д.

Разам з тым, адзначыў Руслан Насцюшкін, не ў поўнай меры вырашаюцца некаторыя пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі. Па-ранейшаму не хапае кантэйнераў для збору і часовага захоўвання цвёрдых адходаў у сельскіх населеных пунктах, кантэйнерныя пляцоўкі абсталяваны не на належным узроўні, не праводзіцца штогадовая ачыстка грамадскіх калодзежаў, значна большай увагі патрабуюць пытанні збору і адвозу бытавых адходаў, паасобнага збору смецця, выдалення аварыйныхдрэў на грамадзянскіх могілках. Хочацца большых аб’ёмаў рамонту пакрыццяў дарог, зносу непрыдатных і неэксплуатуемых аб’ектаў, патрабуецца больш пільны падыход да навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях грамадзян у населеных пунктах раёна.

Агучыў дакладчык планы на 2023 год. У бягучым годзе на добраўпарадкаванне населенных пунктаў раёна плануецца накіраваць амаль 1 млн. рублёў.

Стаіць задача выканаць работы па бягучым рамонце вулічна-дарожнай сеткі агульнай плошчай 6,29 тыс. кв. м.

Будуць выкананы работы па капітальным рамонце шматкватэрных жылых дамоў (двух у райцэнтры і аднаго ў Обалі). Запланавана знесці два непрыдатныя для пражывання шматкватэрныя жылыя дамы (у Шуміліне і Обалі).

У планах – добраўпарадкаваць тэрыторыю на перакрыжаванні вуліцКароткіна і Сіпко і тэрыторыю каля скульптурнай кампазіцыі «Берагіня лесу» ў аг. Светласельскі.

Будуць знесены не менш за 50 пустуючых жылых дамоў у населеных пунктах раёна.

Плануецца будаўніцтва лыжаролернай трасы ў аг. Светласельскі пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Правядуць бягучы рамонт пакрыцця шасці дваровых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў.

Неабходна актывізаваць работу па навядзенні парадку на сельскагаспадарчых тэрыторыях і аб’ектах.

У ходзе пасяджэння былі заслуханы справаздачы начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталлі Лук’янавай, намесніка начальніка райсельгасхарчу Рамана Прасветава, галоўнага санітарнага ўрача Шумілінскага раёна Крысціны Афанасьевай.

Па выніках абмеркавання пытання прынята рашэнне, у якім дадзена ацэнка рабоце арганізацый і прадпрыемстваў раёна па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населенных пунктаў, намечаны напрамкі дзейнасці, якія забяспечаць выкананне зацверджанага плана мерапрыемстваў на 2023 год.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *