В Шумилино прошли мероприятия в связи с Днём воинов-интернационалистов

Общество

Дні, якія пайшлі ў вечнасць

15 лютага на Шуміліншчыне ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў

Усё далей адыходзяць у гісторыю афганскія падзеі. 34 гады таму апошні савецкі салдат па мосце праз Амудар’ю вярнуўся ў родную краіну. Вайна, якая доўжылася амаль 10 год, забрала жыцці больш за 15 тысяч савецкіх салдат, у тым ліку 771 беларуса. І праз 34 гады ўдзельнікі, якія хлопцамі прайшлі тымі вогненнымі дарогамі, памятаюць кожную атаку, кожны бой, кожную смерць сяброў.

«Афганістан адгукаецца болем»

Урачысты мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў у Шуміліне ў Скверы воінскай славы.

Удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане, прадстаўнікі мясцовых уладаў, грамадскіх арганізацый, жыхары райцэнтра сабраліся ля стэлы ў гонар воінаў-землякоў, якія загінулі, выконваючы воінскі абавязак у мірны час.

– Вы сёння жывы прыклад гераізму, грамадзянскасці і патрыятызму для моладзі. Ваш ратны подзвіг стаіць на высокім пастаменце, вянчаючы лепшыя якасці чалавека-патрыёта. Сярод тысяч савецкіх сямей, якіх закранулі афганскія падзеі, чатыры шумілінскія, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, выступаючы на мітынгу. – Сёння ўсе мы павінны цаніць галоўную каштоўнасць, якая ёсць у нас, – мір. І зрабіць усё, каб яго захаваць.

Пра Афганістан, інтэрнацыянальны абавязак, баявых таварышаў расказаў воін-інтэрнацыяналіст Юрый Лапацін.

Як сімвал нязгаснай памяці пра салдацкі подзвіг у далёкай краіне старшакласнікі Шумілінскай СШ № 1 ставяць лампадкі да стэлы з імёнамі Анатоля Скобава, Віктара Угнявёнка, Пятра Чуркіна, Івана Сокалава – шумілінцаў, якія загінулі ў Афганістане, выконваючы воінскі абавязак.

«Салдат вайны не выбірае»

Каля памятнай дошкі Віктару Угнявёнку, кавалеру ордэна Чырвонай Зоркі, старшаму лейтэнанту, прайшоў мітынг «Салдат вайны не выбірае». Па-
асабліваму ўрачыста і велічна гучыць на гэтым месцы ў гэты дзень Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

«Нарадзіўся Віктар Іванавіч Угнявёнак 9 снежня 1957 года ў вёсцы Сосніна, – расказалі вядучыя. – З дзяцінства марыў пра ваенную службу. Пасля заканчэння ў 1975 годзе Омскага вышэйшага агульнавайсковага каманднага вучылішча пачаў службу ва Узброеных Сілах СССР. У красавіку 1983 года быў накіраваны ў Афганістан. 23 сакавіка 1984 года ягоны бронетранспарцёр падарваўся на міне…»

– Савецкія салдаты годна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак на афганскай зямлі, – адзначыў начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Собін. – Мы не маем права забываць пра гэта.

2023 год – Год міру і стварэння, а сімвалам міру з’яўляецца белы голуб. Піянеры Шумілінскай СШ № 2 падарылі ўдзельнікам мітынгу папяровых белых галубоў, зробленых сваімі рукамі.

«Афганістан… Дні, якія пайшлі ў вечнасць»

На тэматычнай сустрэчы «Афганістан… Дні, якія пайшлі ў вечнасць», якая прайшла ў раённым цэнтры культуры, акрамя ўдзельнікаў мітынгаў прысутнічалі вучні са школ раёна, старшыні і актывісты раённых арганізацый «Беларускі саюз афіцэраў», «Беларускі саюз ваенных маракоў», «Пагранічнікі Шуміліна», «Дэсантнае Шумілінскае братэрства», «Беларускага фонду міру».

(За

15 лютага – шаноўная дата, – адзначыла старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, звяртаючыся да воінаў-інтэрнацыяналістаў. – Традыцыйна на мерапрыемства запрашаюцца вучні школ, і вельмі важна, каб вы пра сваю баявую маладосць расказвалі маладому пакаленню…

Пра тое, што няма ў свеце нічога страшней за вайну і даражэй за мір, гаварыў удзельнік афганскай вайны, старшыня раённай арганізацыі «Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», маёр у адстаўцы Мікалай Шчарбіцкі. Ён правёў паралелі далёкага мінулага з сучаснай сітуацыяй вакол нашай краіны, адзначыўшы, што толькі адзінства і згуртаванасць беларускага народа, цесныя сувязі з саюзнікамі служаць гарантыяй міру і стабільнасці. І калі трэба будзе абараняць мір і спакой у краіне, воіны-інтэрнацыяналісты зноў возьмуць зброю ў рукі.

Завяршылася сустрэча выступленнем пасланнікаў міру – вучняў Обальскай СШ, якая носіць званне Школы міру. Галоўны пасыл іх выступлення – НАМ ПАТРЭБНЫ МІР. Патрыятычную атмасферу сустрэчы дапоўнілі канцэртныя нумары, падрыхтаваныя работнікамі раённага цэнтра культуры.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *