Праздничный концерт к 8 марта прошёл в Шумилино

Новости Общество

Сімвал вясны і кахання – жанчына

Складана знайсці ў раёне сферу дзейнасці, дзе б не працавалі жанчыны. Без іх абаяльнай усмешкі, адказнасці і старання не абысціся ў адукацыі, эканоміцы, сельскай гаспадарцы. Ім, прыгожым і чароўным, было прысвечана святочнае мерапрыемства «Я жанчына, і ў гэтым слове ўсё!», якое прайшло напярэдадні 8 Сакавіка ў раённым цэнтры культуры.

У фае ўсіх удзельнікаў і гасцей свята сустракалі мімы тэатральнага калектыву «Дзеці сцэны» Обальскага ГДК, якія праводзілі ў глядзельную залу і ўручалі жанчынам медалі з надпісамі «Самая чароўная», «Самая элегантная». Работнікі Дома рамё-стваў арганізавалі выставу лялек «Вобраз чароўны, вобраз цудоўны…». На ёй былі прадастаўлены больш за паўсотню лялек, выкананых у розных відах тэхнікі (саломапляценне, пап’е-машэ, шыццё, тэкстыль). Былі і арыгінальныя аўтарскія лялькі. Міма ўсіх іх немагчыма было прайсці, каб не затрымацца і не зрабіць сэлфі – такую прыгажосць, выкананую рукамі шумілінскіх умельцаў, не ўбачыш ні ў адной краме.

Да ўсіх жанчын са словамі віншаванняў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.

«Вясна пачынаецца з усмешкі жанчыны. Вы з’яўляецеся сімвалам чароўнасці, кахання і цеплыні, – адзначыў Мікалай Аляксеевіч, звяртаючыся да прысутных у зале прадстаўніц цудоўнай паловы. – Вы ўвасабляеце не толькі мацярынства і ўтульнасць сямейнага ачага, але і міласэрнасць, клопат, адданасць, мудрасць, цярпенне. Вы ўмееце добра працаваць і паказваць прыклад іншым, кахаць, выхоўваць дзяцей, дабівацца пастаўленых мэт. Вы натхняеце нас, мужчын, на новыя здзяйсненні і добрыя справы. Таму для вас сёння – усе шчырыя словы, добрыя песні, пяшчотныя кветкі і пажаданні здароўя, дабрабыту і вясны ў душы».

Работнікі раённага цэнтра культуры і школы мастацтваў у якасці музычнага падарунка падрыхтавалі цудоўны святочны канцэрт, на якім гучалі песні, музыка і танцы, прысвечаныя жанчынам, мацярынству, каханню і роднаму краю.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *