Черемша и первоцветы — срывать запрещено

Актуалии Экология

Пашкадуйце першацветы
Як толькі сыходзіць снег, у лясах з’яўляюцца першыя вясеннія расліны – белыя, жоўтыя, ружовыя, блакітныя. Гэта першацветы, яны ўпрыгожваюць лес тады, калі на дрэвах яшчэ няма лістоты.
Выязджаючы ў красавіцкі лес, многія хочуць прывезці з сабой букецік першых вясенніх кветак. Але іх рваць нельга, бо ў лесе першацветаў і так нямнога. І да ўсяго некаторыя з іх уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі: прастрэл лугавы, кураслеп лясны, першацвет высокі, кураслеп еўрапейскі, фіялка тапяная. А ў 2011 го-дзе ў Чырвоную кнігу быў занесены і прастрэл раскрыты.
У адпаведнасці з арт.24 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце” забараняецца перасадка, выдаленне, незаконны абарот дзікарастучых раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Парушэнне патрабаванняў па ахове дзікарастучых раслін вядзе да штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 20 да 150 базавых велічынь, на юрыдычную асобу – ад 25 да 500 базавых велічынь.
За знішчэнне дзікарастучых раслін, якія ўнесены ў Чырвоную кнігу, або іх частак, або за іншыя дзеянні, якія могуць прывесці да гібелі дзікарастучых раслін, скарачэння іх колькасці або за парушэнне асяродку пражывання грамадзянін можа атрымаць штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, ІП – ад 25 да 200 базавых велічынь, юрыдычнай асобе – ад 35 да 1000 базавых велічынь.
Сярод першацветаў ёсць расліны, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове – першацвет вясенні, пралеска высакародная, чубатка полая.
Не рвіце чарамшу
З сярэдзіны красавіка да канца мая ў продажы на рынках можна ўбачыць свежую чарамшу – зеляніну, якая мае знешняе падабенства з ландышам, а па смаку нагадвае часнок. Гэтая расліна вельмі папулярная ў народзе, аднак не ўсе ведаюць, што чарамша (або лук мядзвежы)  занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і збор яго забаронены.
Рэдкай чарамша стала па віне людзей. Раней з наступленнем вясны многія хадзілі ў лес за пошукам першай любімай зеляніны. Яе неабмежаваны збор і вытаптванне прывялі да скарачэння месцаў вырастання. Высечка лесу, меліярацыя таксама паўплывалі на змяншэнне або ўвогуле знікненне чарамшы на многіх участках.
Забараняецца рваць і прадаваць чарамшу. У адваротным выпадку пагражае адміністрацыйная адказнасць (штраф ад двух да дзесяці базавых велічынь). Калі ж такое правапарушэнне здзейснена паўторна на працягу года, то штраф  – ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь.
Паважаныя жыхары раёна, памятайце, што збіраючы чарамшу вы губіце гэту рэдкую расліну. А калі купляеце на рынках – заахвочваеце браканьераў. Лепш любавацца рэдкімі раслінамі ў лесе.
М. ІВАНОЎ, вядучы спецыяліст  раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Надрукавана ў №29 ад 10.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *