11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

Актуалии

Ворота Бухенвальда

Ад ліста  – да лёсу пакалення
11 красавіка 1945 года вязні лагера смерці Бухенвальд узнялі інтэрнацыянальнае паўстанне і захапілі лагер, тым самым выратаваліся ад немінучай гібелі.
За гады Другой сусветнай вайны  праз фашысцкія лагеры смерці прайшлі  18 мільёнаў чалавек. Вязнямі канцлагераў былі жанчыны, дзеці, старыя людзі. На іх ставілі доследы, іх мучылі голадам, атручвалі ў газавых камерах, спальвалі ў печах…
Мабыць, ніколі не даведаліся б людзі пра тое, што давялося перажыць у лагерным пекле, калі б не гістарычнае (несумненна — гістарычнае!) пісьмо жыхаркі Шуміліна Зінаіды Максімаўны Лішаковай. Яна расказала сваю гісторыю і перадала боль 400 тысяч людзей, якія вынеслі ўвесь жах фашысцкіх канцлагераў. Пісьмо сёння добра вядома (яно, дарэчы,  змешчана ў падручніку “Шуміліназнаўства”), яно раскрывае праўду вайны, яно абвінавачвае, ганьбуе тых, хто   лічыў чалавека за паддоследнага труса…
У Асвенцым Зінаіда Лішакова трапіла ў 1943-м, калі было ёй 20 гадоў. Вярнуўшыся з пякельных “абдымкаў” смерці, яна доўга не магла прывыкнуць, калі хочаце, да мірнага жыцця.  А тут у дадатак Сталін аб’яўляе палонных здраднікамі…
Ужо праз год пасля заканчэння вайны газета “Звязда” змяшчае нататкі былога вязня  пад загалоўкам “”У пекле Асвенцыма”.  Нататкі пазней увайшлі ў кнігу ўспамінаў такіх жа вязняў, як З. Лішакова “У фашысцкіх катавальнях”.
З. М. Лішакова не без цяжкасцей знаходзіць работу. Разам з В. П. Каранеўскай  яны аднаўляюць  у Шуміліне знішчаную бібліятэку, і Зінаіда Максімаўна шмат гадоў служыць яе вялікасці Кнізе. Другім домам для яе стаў народны тэатр.
Аднойчы да яе пазванілі з Мінска сяброўкі Надзея Цвяткова і Вольга Крайко, таксама былыя вязні Асвенцыма. Ад іх Зінаіда даведалася пра тое, што ў зарубежнай прэсе сіляцца абяліць нацысцкіх злачынцаў. Але найбольш абурыла, што той-сёй лічыў ужо несправядліва зганьбаваным доктара канцлагера Асвенцыма Ёзэфа Менгеле. І яна ўзялася пісаць успаміны. Горкія, але такія патрэбныя для вяртання праўды аб вайне.
Адкрытае пісьмо з’явілася ў друку ў 1985 годзе, яно  абышло многія інфармацыйныя агенцтвы свету.  Да Зінаіды Лішаковай  з усіх куткоў зямлі сталі прыходзіць пісьмы — водгукі на яе абвінаваўчы ліст. Свет быў шакіраваны яе прызнаннямі.
Святлана ЕМЯЛЬЯНАВА, кіраўнік музея гісторыі школы  Шумілінскай СШ № 1.
Вось змест адкрытага ліста  былога вязня Асвенцыма З. М. Лішаковай:
“Спадар Менгеле! Толькі што вы выступілі ў друку з аповедам пра пасляваеннае жыццё вашага бацькі Ёзэфа Менгеле. Вы засмучаны тым, што доўгія гады ён жыў у дрэнных умовах. Я не ўпэўнена ў сапраўднасці гэтых слоў, гэтак жа, як не ўпэўнена  ў тым, што ваш бацька памёр. Але я жадала б расказаць вам адну гісторыю з амаль 400 тысяч, да якіх ваш бацька мае дачыненне.  Я раблю гэта не для таго, каб абвінаваціць вас, вы — юрыст і лепей за мяне ведаеце, што дзеці не нясуць адказнасці за дзеянні сваіх бацькоў. І ўсё ж такі паслухайце.
Вы нарадзіліся ў 1944 годзе. За год да гэтага  я, Зінаіда Лішакова, трапіла ў канцлагер Асвенцым. Нас пастроілі. З’явіўся малады чалавек на выгляд крыху старэй за трыццаць гадоў, у строгім чорным касцюме. Ён моўчкі ўказваў пальцам на вязняў, і ў спіс заносілі іх лагерны нумар.  Увечары гэтых людзей ужо не было ў жывых.  Убачыўшы мяне, ваш бацька на імгненне затрымаўся і сказаў: “Па-мойму, гэтае мышаня даволі дужае…” Так я трапіла ў барак № 25.
Нас паклалі на нары, аблітыя нейкай смярдзючай вадкасцю. Не памятаеце, бацька не расказваў вам, што гэта была за вадкасць?  Раніцай на скуры ў нас адкрыліся раны. Мышачная тканка стала распадацца. Боль быў невыносны.
Потым тых, хто яшчэ мог рухацца, прымусілі перайсці ў правую частку барака, дзе стаяла ванна з растворам малочнага колеру.  Ваш бацька з’явіўся, як прывід: у скафандры, вочы схаваны за акулярамі.  Нас укінулі ў гэтую ванну і … многія пачалі прасіць, каб іх адправілі ў печ — такі быў невыносны боль. Пасля шостай “ванны” ў мяне зацягнуліся раны на целе.
Я стала адной з любімых пацыентак вашага бацькі.  Ён вельмі ганарыўся дасягнутым вынікам і часта дэманстраваў маё цела перад рознымі камісіямі. Скура ў мяне стала мёртвай, жудасна-шэрага колеру…
О, я добра памятаю вашага бацьку.  Я хацела б забыць яго, але, на жаль, ніколі не  магу зрабіць гэтага. Шатэн, вышэй за сярэдні рост, спартыўная фігура, імклівая хада, такія ж рухавыя светла-карыя вочы.
Ён усё рабіў вельмі хутка. Не чакаючы смерці  сваіх “падапечных”, ён жыўцом анатаміраваў іх, як мага хутчэй вызначаючы прычыну няўдач яго доследаў. Божа, як крычалі гэтыя людзі! Я бачыла палаты з гарбунамі і блізнятамі, над якімі ваш бацька ставіў пачварныя доследы.
Мне ўдалося выжыць. Я вярнулася дамоў. Дома недалічылася 28 чалавек са сваёй вялікай радні: іх забрала вайна.
Мама, убачыўшы маё цела, упала і страціла прытомнасць. Яе паралізавала. Дваццаць адзін год праляжала яна без руху, кожны дзень праклінаючы вашага бацьку. Перад смерцю яна сказала мне: “Бога няма, раз гэты чалавек усё яшчэ жывы і не прадстаў перад судом”.
Так, я жыву. Але ў мяне няма сям’і, няма дзетак, і скура  мая засталася такой жа, якой зрабіў яе кат Асвенцыма Ёзэф Менгеле.
Калі вы прачытаеце гэты ліст, то ўспомніце: расказаная мной гісторыя — адна з 400 тысяч гісторый аб загубленых і знявечаных жыццях, адказнасць за якіх нясе ваш бацька. Нясе і заўсёды будзе несці”.
Публікацыю падрыхтаваў Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №29 ад 10.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *