Адбылося ўрачыстае адкрыццё Дошкі гонару Шумілінскага раёна

Актуалии Новости Общество

Пашана – лепшым
30 красавіка, напярэдадні Свята працы, адбылося ўрачыстае адкрыццё Дошкі гонару Шумілінскага раёна.

Сёлета мерапрыемства праходзіла ў незвычайным фармаце: сцэнай для ўрачыстасцяў і святочнага канцэрта стала пляцоўка ля раённай Дошкі гонару на цэнтральнай плошчы г. п. Шуміліна. Сяточны настрой ствараў духавы аркестр Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў. Ля будынка райвыканкама былі прадстаўлены выставы, прысвечаныя працоўным дасягненням шумілінцаў. “Ганарыся, мой край, людзьмі такімі” – так называлася выстава цэнтральнай бібліятэкі, на якой былі змешчаны партрэты і біяграфіі нашых землякоў – Герояў Сацыялістычнай Працы Я. Т. Чарвякова, А. В. Гусакова, С. Т. Пальвінскай, М. Г. Кандраценкі, М. В. Зімяніна, Л. Г. Кляцкова, А. І. Дубко. Апошні з’яўляецца і Героем Беларусі. Працоўным дасягненням сучаснага пакалення шумілінцаў, а таксама традыцыям святкавання Першамая прысвячалася выстава гісторыка-краязнаўчага музея “Чалавек слаўны працай”.
Старшыня райвыканкама Алег Быкаў павіншаваў прысутных са Святам працы, шчырыя словы падзякі былі адрасаваны ўсім працоўным раёна. “Першамай з’яўляецца сімвалам стваральнай працы, яднання, міру, таму ў гэты дзень мы шануем лепшых працаўнікоў, – сказаў Алег Пятровіч. – Працавітасць нашых людзей з’яўляецца асновай дабрабыту і развіцця Шумілінскага раёна. Дзякуючы штодзённай працы кожнага жыхара раёна кожны дзень з’яўляецца нешта новае, захоўваецца станоўчая дынаміка сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Нашы людзі хочуць і ўмеюць працаваць, і доказ таму – дасягненні перадавікоў, чые імёны сёння занесены на раённую Дошку гонару – а гэта дваццаць прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна усіх галін вытворчай і сацыяльнай сфер, гэта дзве арганізацыі, якія дабіліся найлепшых вынікаў работы за мінулы год – цэх па вырошчванні куранят-бройлераў “Слабада” таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вітконпрадукт” і ўстанова “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна”. Старшыня райвыканкама падзякаваў усім, хто добрасумленна працуе на карысць краіны, раёна і сваёй сям’і, выказаў самыя шчырыя пажаданні.
А. П. Быкаў уручыў дыпломы аб занясенні на раённую Дошку гонару кіраўнікам арганізацый і перадавікам вытворчасці.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Емяльянаў паведаміў прысутным, што сёлета адзначаецца 115-я гадавіна прафсаюзнага руху ў Беларусі, нагадаў пра ролю прафсаюзаў ў абароне правоў і інтарэсаў працоўных і ўручыў граматы і падарункі прадстаўнікам арганізацый райцэнтра, якія зарэкамендавалі сябе шматгадовай, добрай працай.
А потым на сцэне пад блакітным небам, у кулісах з зялёных дрэў, у аздабленні з жывых цюльпанаў, асабліва ярка і святочна пад веснавым сонейкам гучалі песні, глядзеліся танцавальныя нумары канцэртнай праграмы. Цудоўныя песні выконвалі народныя і ўзорныя калектывы “Гарэзнікі”, “Гульбічы”, “Світанак”, духавы аркестр і ансамбль баяністаў Шумілінскай ДШМ і салісты раённага цэнтра культуры, самадзейныя артысты.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №35 ад 03.05.2019 г.