На Шумилинщине отпраздновали День Победы

Актуалии

«Берагчы сваю Радзіму, быць патрыётам»
9 мая.  Светлае вялікае свята. Бадай, самае вялікае па эмацыянальнаму ўздыму,
па той асаблівай шчымлівай атмасферы, што вітае ў гэты дзень.
Вось і зноў: чысты блакіт неба, шчырае пяшчотнае сонца, дзіцячыя бесклапотныя ўсмешкі, святочнае ўбранства вуліц і ўсёй зямлі, букеты чырвоных цюльпанаў і белых нарцысаў… Але ж і бясконцы сум. Ад высокай песні жаўрука над магілай салдата – таго, хто не дачакаўся Перамогі, і хто пайшоў з жыцця ў мірны пасляваенны час. Сум ад мерных удараў метранома, ад стоеных і нястрыманых слёз тых, хто прайшоў дарогамі вайны, і хто ведае пра яе па расказах і кіна-фільмах.
Гэтую атмасферу адчуваюць нават самыя маленькія дзеці, якія, моцна трымаючыся за маміну руку, з цікавасцю пазіраюць на баявыя ўзнагароды ветэранаў, што блішчаць на майскім сонцы. Гэтая атмасфера яднае 9 мая ўсе мерапрыемствы: будзе гэта мітынг ля брацкай магілы ў маленькай вёсачцы, урачыстасці ў раённым цэнтры ці парад у сталіцы краіны.
Выступаючы на мітынгу на брацкіх могілках райцэнтра, старшыня раённага выканаўчага камітэта В. А. Падляшчук адзначыў:
“Вялікая Перамога… Як мы распарадзіліся гэтым галоўным заваяваннем, ці змаглі быць годнымі гэтай Перамогі? Такое пытанне павінен задаць сабе кожны. Берагчы сваю Ра-дзіму, быць патрыётам – менавіта так вучыць нас жыць старэйшае пакаленне.
Сёння, як ніколі, — перакананы Вальдэмар Антонавіч, — важна данесці сэнс вялікага подзвігу савецкага народа, здзейсненага ў імя міру і свабоды, да маладых грамадзян. І тады пакаленне 21-га стагоддзя будзе цаніць спакой і стабільнасць у нашай краіне”.
Кіраўнік раёна выказаў шчырую ўдзячнасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за подзвігі ваенных гадоў, за бясцэнны вопыт, якім яны шчодра дзеляцца ў мірны час, за парады, за мудрасць і цярпімасць. Ён павіншаваў ветэранаў, а таксама ўсіх жыхароў і гасцей раёна з Днём Вялікай Перамогі, пажадаў моцнага здароўя, светлых надзей, міру і шчасця.
Мір і шчасце, за якія ён ваяваў на фронце, завяшчаў усім, хто жыве сёння на квітнеючай беларускай зямлі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Патапавіч Кажамякін.
Мір і шчасце ад імя Узброеных Сіл Беларусі абяцаў мацаваць ваенны камісар раёна Алег Чарняўскі.
Міру і шчасця шчыра жадалі сваім родным і сваёй Радзіме ўсе, хто ў дзень 9 мая застыў на хвіліну маўчання ў задуменні, хто схіліўся ў зямным паклоне перад магілай салдата, хто, дакрануўшыся да нашай агульнай гісторыі, стаў, несумненна, мацней духам.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана у нумары №34 ад 11 мая.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *