На заседании Шумилинского райисполкома подведены итоги работы за 1 квартал

Актуалии Президент Экономика

Ацэнку дадуць па выніках паўгоддзя
У мінулую пятніцу старшыня райвыканкама А. І. Снараў правёў чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, на якім былі разгледжаны вынікі выканання параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выканання бюджэту ў першым квартале 2016 года.
У пасяджэнні бралі ўдзел намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Р. П. Саўрыцкая, намеснік старшыні КДК Віцебскай вобласці Ю. У. Аўхукова, старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама С. А. Зароўскі.
Адкрываючы пасяджэнне, кіраўнік раёна адзначыў, што Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка ў сваім пасланні да парламента і народа вызначыў асноўныя задачы для ўсіх сфер народнагаспадарчага комплексу на бягучы год. І гэта ў першую чаргу навядзенне парадку, дысцыпліна працы, эфектыўнасць эканомікі: прадукцыйнасць працы, канкурэнтаздольнасць, энергаэфектыўнасць і зніжэнне сабекошту прадукцыі.
Гэтыя патрабаванні павінны быць прыняты да бясспрэчнага выканання кіраўнікамі ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый. “Як сказаў Прэзідэнт, ацэнку ўсім дадуць па выніках паўгоддзя”, – падкрэсліў А. І. Снараў.
З дакладам па асноўным пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў, які прадставіў падрабязны аналіз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў першым квартале бягучага года. У раёне выкананы шэраг прагнозных паказчыкаў: па энергазберажэнні, па экспарце паслуг, уводзе жылля і некаторыя іншыя, ёсць зрухі ў зніжэнні сабекошту прадукцыі. Але асноўныя паказчыкі – валавая вытворчасць прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі ў першым квартале  – не выкананы. Дакладчык адзначыў прычыны такога становішча. Пакуль што вядуцца пусканаладачныя работы на Обальскім керамічным заводзе – асноўным прамысловым прадпрыемстве раёна. Не задавальняе сітуацыя ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах, дзе вырасла непрадукцыйнае выбыццё жывёлы, нізкія надоі малака і прывагі жывёлы на адкорме і дарошчванні. Жадае быць лепшай якасць малака, якое прадаецца на перапрацоўку (на гэтым гаспадаркі згубілі за квартал да 4 мільярдаў рублёў). У рознічным гандлі захоўваецца крызіснае становішча ў райспажыўтаварыстве.
Сярэдняя зарплата па раёне складае 4 мільёны 987 тысяч рублёў, але ёсць затрымкі з выплатай заробкаў у сельгаспрадпрыемствах, на ОКЗ.
Р. П. Саўрыцкая падкрэсліла, што патрабаванне кіраўніка дзяржавы аб зніжэнні сабекошту прадукцыі на 25% будзе жорстка кантралявацца, і аддзелу эканомікі райвыканкама неабходна разам са спецыялістамі прапрацаваць мерапрыемствы па зніжэнні па кожным прадпрыемстве. Таксама жорстка будзе адсочвацца выплата заробкаў.
З судакладамі выступілі намеснікі старшыні райвыканкама В. Ц. Мянькоў і І. І. Шалахава. З боку кіраўніка раёна, прадстаўнікоў КДК і аблвыканкама да кожнага судакладчыка былі канкрэтныя пытанні, адбылася адкрытая, прынцыповая размова. Асабліва вострая дыскусія разгарнулася па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу. Было адзначана, што ўдалося захаваць пагалоўе кароў, павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі. Але ў цэлым сітуацыю ў АПК раёна нельга назваць станоўчай. Чаму адны арганізацыі могуць працаваць эфектыўна (так, ААТ “Ляжні” і “Прыдзвінскі” з’яўляюцца прыбытковымі, маюць добрыя паказчыкі вытворчасці прадукцыі), а іншыя не дасягаюць станоўчых вынікаў. Зноў стала пытанне аб зніжэнні на 25% сабекошту прадукцыі. У адказе спецыялістаў райсельгасхарчу было адзначана, што зніжэнне сабекошту магчыма толькі пры істотным павелічэнні вытворчасці прадукцыі, што ў кожнай гаспадарцы распрацаваны мерапрыемствы  па выкананні гэтага паказчыка.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава нагадала пра неабходнасць уважлівага стаўлення да пытанняў асабістых падсобных гаспадарак вяскоўцаў, пра дапамогу вяскоўцам у сяўбе збожжавых, апрацоўцы агародаў. Адзначыла, што асабістая гаспадарка для большасці жыхароў вёскі з’яўляецца стабільнай крыніцай даходаў.
Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. С. Сідарэнка далажыла аб выкананні раённага бюджэту за першы квартал. “Напаўненне бюджэту ішло ў няпростых умовах, – адзначыла Алена Савельеўна. – Тым не менш, у асноўным удалося выканаць даходную і расходную часткі бюджэту. Бюджэт захаваў сацыяльную накіраванасць. Уласныя даходы склалі 40,9%, датацыя – 54,1%, іншыя крыніцы даходаў – 5%. Для падрыхтоўкі і правядзення пасяўной была аказана прамая падтрымка сельскагаспадарчым прадпрыемствам раёна.
Пасля абмеркавання было прынята адпаведнае рашэнне.
З пытаннем аб рабоце па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін выступіў намеснік начальніка РАУС І. А. Шаціла. Ігар Аляксандравіч адзначыў, што прафілактычная работа ў названым накірунку вядзецца ўсімі суб’ектамі прафілактыкі, выказаў падзяку пракуратуры раёна, якая падтрымлівае РАУС у гэтай справе. У 2016 годзе назіраецца зніжэнне правапарушэнняў і злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. У якасці прафілактычных мер шырока выкарыстоўваецца ахоўнае прадпісанне, прэвентыўныя меры ўздзеяння да сямейных дэбашыраў. У ліку праблемных пытанняў называлася алкагалізацыя насельніцтва (большасць злачынстваў, у тым ліку і ў сям’і, адбываецца, калі парушальнік, а часта і ахвяра, знаходзяцца ў нецвярозым стане).
Старшыня райвыканкама звярнуў увагу на тое, што паляпшэнне статыстыкі пакуль не можа задаволіць, бо раён займае верхнія радкі па злачыннасці ў вобласці. А. І. Снараў  падкрэсліў, што работа ўчастковых можа быць эфектыўнай толькі калі яны жывуць на месцы. А ўчастковы – асноўны прадстаўнік праваахоўных органаў на падведамаснай тэрыторыі, які можа і павінен кантраляваць сітуацыю на месцах. Было адзначана недастатковае выкарыстанне такой меры ўздзеяння, як накіраванне правапарушальнікаў-алкаголікаў у ЛПП.
І. М. Новікава звярнула ўвагу і на такую меру ўздзеяння на алкаголікаў, як абмежаванне дзеяздольнасці, якая, на жаль, мала выкарыстоўваецца ў раёне. Трэба актывізаваць прафілактычную работу са 100% кантынгенту правапарушальнікаў праз грамадскія пункты аховы правапарадку. Ну і канешне,  непазбежнасць пакарання – лепшая прафілактыка супраць злачыннасці, адзначыла старшыня райсавета.
У прынятым рашэнні былі вызначаны напрамкі работы, па якіх неабходна актывізаваць работу і палепшыць тым самым крымінагенную сітуацыю у раёне.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *