11 апреля в Шумилинской СШ №1 прошло мероприятие к Дню освобождения узников фашистских концлагерей

Образование Общество

«Жахі фашызму не павінны паўтарыцца ніколі»

11 красавіка ў сярэдняй школе № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

11 красавіка было абрана ў памяць пра інтэрнацыянальнае паўстанне ў канцлагеры Бухенвальд у 1945 годзе.

Мерапрыемства, а таксама тэматычную выставу кніг падрыхтавалі работнікі дзіцячай бібліятэкі. Перад вучнямі выступіла старшыня раённай арганізацыі «Беларускага фонду міру» Людміла Шаўцова, якая падзялілася сваімі дзіцячымі ўражаннямі ад наведвання мемарыяла на месцы фашысцкага канцлагера Саласпілс ў Латвіі, дзе былі закатаваныя і забітыя дзясяткі тысяч людзей, у тым ліку тысячы дзяцей. Яна з болем расказвала, як быццам з зямлі паўстаюць чорныя постаці-скульптуры вязняў, што заходзяцца ў нямым крыку, як на месцы дзіцячых баракаў яны пакідалі ўзятыя ў паездку па просьбе класнага кіраўніка свае цацкі.

Л. В. Шаўцова расказала пра нашу зямлячку Зінаіду Максімаўну Лішакову, якая ў вайну прайшла праз невыносныя пакуты ў Асвенцыме, праз рукі ката-доктара Менгеле. «Памяць пра гэта павінна быць у нашых сэрцах, каб не дапусціць апраўдання злачынстваў фашызму, не дапусціць скажэння праўды, што можна назіраць у асобных краінах. Жахі фашызму не павінны паўтарыцца ніколі», – звяршыла сваё выступленне Людміла Васільеўна.

Эмацыянальны аповед вядучых, якія расказвалі пра ўзнікненне канцэнтрацыйных лагераў у фашысцкай Германіі, пра сістэму масавага знішчэння людзей у іх, нечалавечыя доследы, што праводзіліся ў лагерах, суправаджаліся прэзентацыяй з дакументальных фотаздымкаў, зробленых у канцлагерах. Больш за 14 тысяч канцлагераў стварылі фашысты за гады вайны, больш за 18 мільёнаў чалавек з дзясяткаў краін свету прайшлі праз іх, мільёны былі знішчаны. Былі створаны канцлагеры і на акупаванай тэрыторыі Беларусі: Трасцянец, Азарычы, Пяты полк, Калдычова, Чырвоны Бераг… Фашысты праводзілі палітыку знішчэння насельніцтва на захопленых тэрыторыях, «вызвалялі» землі для будучых «арыйцаў-паноў». Прайшлі праз фашысцкія канцлагеры сотні шумілінцаў, у тым ліку дзеці, многія з якіх не выжылі. Зараз у раёне пражывае 12 чалавек, што былі вязнямі нацысцкіх канцлагераў. Яны дакладна ведаюць, што толькі ўсе-агульная памяць пра жахі фашызму не дапусціць іх паўтарэння.

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць усіх ахвяр фашызму хвілінай маўчання.

Напрыканцы сустрэчы кіраўнік школьнага ваенна-патрыятычна-га клуба «Юны гвардзеец» Сяргей Сахончык нагадаў пра пачатак акцыі «30 дзён да Перамогі», падчас якой вучні будуць ладзіць паходы і экскурсіі па месцах воінскай славы, даглядаць помнікі Вялікай Айчыннай вайны, сустракацца з ветэранамі, удзельнічаць у конкурсах і мерапрыемствах.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *