На Шуміліншчыну паклікала памяць
Тры гады таму Валерый Кузняцоў з Рыбінска Яраслаўскай вобласці прыязджаў у наш раён, каб ушанаваць памяць свайго дзядулі Канстанціна Мікалаевіча, месца пахавання якога доўга не змаглі знайсці. На мінулым тыдні Валерый Юр’евіч зноў прыехаў на Шуміліншчыну. І не адзін, а са сваімі калегамі — Аляксеем Вараб’ёвым і Ільёй Чубаравым.
Кажа, што ў Беларусь паклікаў дзядуля, памяць пра яго і тых салдат з Яраслаўшчыны, якія змагаліся на шумілінскай зямлі і пахаваны ў Дворышчы.
Для гасцей з Расійскай Федэрацыі падрыхтавалі насычаную праграму. Яны наведалі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе для іх была праведзена экскурсія па абноўленай экспазіцыі, а таксама арганізаваны “круглы стол” з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый.
— Я ўзначальваю Яраслаўскую рэгіянальную грамадскую арганізацыю «Доблесць. Адвага. Чэсць», — расказаў Валерый Кузняцоў. — У мінулым чалавек ваенны, воін-інтэрнацыяналіст, палкоўнік запасу, лічу сваім абавязкам захаваць і ўвекавечыць памяць тых, хто загінуў падчас абароны Айчыны ад ворагаў. У нас з вамі, беларусамі, агульны боль і агульная памяць. Многа нашых расіян, у тым ліку і ўраджэнцаў Рыбінска, пахавана на шумілінскай зямлі. Акрамя таго, беларусы і расіяне служылі на атамнай падводнай лодцы “Камсамолец”, якая затанула ў Нарвежскім моры ў 1989 годзе. Гераічна загінулі нашы героі — капітан трэцяга рангу Анатоль Іспянкоў з Шуміліншчыны і матрос Аляксей Грундзель з Рыбінска. Адна са школ у Рыбінску збірае звесткі пра тых, хто загінуў у Нарвежскім моры.
Дзеці і настаўнікі будуць задаволены, што мы знайшлі яшчэ аднаго героя і яго сваякоў на Шумілінскай зямлі». Падчас “круглага стала” Валерый Кузняцоў і яго калегі абмеркавалі тэмы патрыятычнага выхавання моладзі з прадстаўнікамі раённых арганізацый — ветэранскай, Беларускага саюза ваенных маракоў, Белару-скага саюза афіцэраў, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Расіяне падарылі музею і грамадскім арганізацыям кнігі і буклеты пра Рыбінск і яго герояў.
Валерый Кузняцоў разам з калегамі, старшынёй Сіроцінскага сельвыканкама Аксанай Шынкевіч і дырэктарам Слабадской школы Верай Якубёнак наведалі брацкія могілкі ў Дворышчы (на здымку).
Валерый Юр’евіч ушанаваў памяць свайго дзядулі, які служыў у 234-й Яраслаўскай стралковай дывізіі. Сяржант Канстанцін Мікалаевіч Кузняцоў загінуў, абараняючы Жарабычы і Дворышча ад ворагаў, 3 лютага 1944 годзе, калі яму быў 31 год. Расіяне знялі відэа і сфатаграфавалі кожнае прозвішча на мемарыяльнай пліце ў Дворышчы — можа, да наступнага года на Яраслаўшчыне знойдуцца сваякі загінуўшых.
Госці пабывалі на сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі Слабадской школы, якія даглядаюць брацкае пахаванне ў Дворышчы і арганізавалі ў школе «Куток ба-явой славы Яраслаўскай 234-й Ламаносаўска-Пражскай ордэнаў Суворава і Багдана Хмяльніцкага стралковай дывізіі», падзякавалі калектыву школы за памяць пра іх землякоў.
У гэты ж дзень адбылася і сустрэча з ваенна-патрыятычным клубам СШ № 1, падчас якой абмеркавалі тэмы, якія аб’ядноўваюць расіян і беларусаў: братэрства, патрыятызм, мужнасць, памяць і мір. Госці Расійскай Федэрацыі адзначылі, што райцэнтр стаў больш прыгожым, што на Шуміліншчыне, як і ў Рыбінску, важнае значэнне надаюць патрыятычнаму выхаванню.
Ларыса КІСЯЛЁВА.



