Отчётная конференция районной ветеранской организации прошла в Шумилино

Актуалии Общество

На гады не зважай, калі душа маладая
Пра юбілей, пра свае 25 гадоў (з дня заснавання раённай арганізацыі ветэранаў) гаварылі ў той памятны дзень многія выступоўцы. Гаварылі ўзбадзёрана, з аптымізмам. І нездарма: толькі той адчувае радасць жыцця, хто не думае пра маркотнае, хто не зважае на свае гады.
Такім настроем, жыццесцвярджальным, аптымістычным, і былі прасякнуты ўрачыстасці, прысвечаныя юбілейнай даце. Прачула сустрэла зала маленькіх дэкламатараў, якія прысвяцілі сваім бабулям і дзядулям вершы, уважліва слухалі ветэраны выступленне  старшыні раённага савета ветэранаў  К. Ф. Палоўнікавай, кіраўніка пярвічкі аддзела адукацыі Л. Ф. Мурашка. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў зачытаў прывітальны адрас юбілярам ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў. Успамінамі пра нялёгкую, але, як гэта ні парадаксальна, шчаслівую  ношу жыцця падзялілася ветэран вайны з Обалі К. В. Мацвеенка. Кацярына Васільеўна не прамінула падзякаваць уладам за  пуцёўку ў санаторый “Сасновы бор”, дзе яна адпачывала і дзе “проста райская мясціна”. Уважліва слухала зала партызанскія і не толькі ўспаміны ветэрана вайны, журналіста А. Н. Пятровай-Пігулеўскай.
У гэты ўрачыста-святочны дзень многія ветэраны, тыя, хто спрыяў развіццю ветэранскага руху, проста ганаровыя людзі раёна атрымалі з рук А. М. Зайцава, прадстаўніка грамадскага аб’яднання абласнога савета ветэранаў В. А. Мацкевіча і К. Ф. Палоўнікавай падзячныя пісьмы, граматы, падарункі і сувеніры. Узнагароджанне чаргавалася добрай і шчырай песняй.
Асабліва парадавалі самабытным талентам салістка з аграгарадка Слабада Тамара Мікулевіч, якая выходзіла двойчы на сцэну і якую двойчы праводзілі гарачымі апладысментамі. Добра і прачула чытала гумарыстычныя маналогі ветэран з в. Каравайніца Еўдакія Васільева, парадавалі песнямі Кацярына Палоўнікава, Мікалай Аляксеенка, іншыя выканўцы.
Да  юбілейных урачыстасцей была прымеркавана выстава напрацовак пярвічных ветэранскіх арганізацый па тэматыцы ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў  №18 ад 02.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *