Міліцэйская дынастыя Касцюкоў

Актуалии Безопасность Общество

Міліцэйская дынастыя Касцюкоў

Крымінальны вышук – гэта тая міліцэйская служба, якая заўсёды ахутана арэолам асаблівай цікавасці, пра якую часта здымаюць дэтэктыўныя фільмы. Але калі адкінуць рамантыку, то прафесія опера – адна з самых нялёгкіх і небяспечных у органах унутраных спраў. У гэтым упэўнены ветэран РАУС Іван Адольфавіч Касцюк і ягоны сын Дзмітрый.
Першы калісьці рупіўся ў крымінальным вышуку, а другі  тут працуе сёння. Іван Адольфавіч жартуе, што ён у сваім родзе першапраходзец,  які    першы ў сям’і пачаў працаваць у міліцыі. І ў яго, трэба адзначыць, гэта добра атрымалася. Дзякуючы штодзённай карпатлівай працы, уседлівасці, аналітычнаму складу розуму, многія злачынствы былі раскрыты, а вінаватыя прыцягнуты да адказнасці.
Падпалкоўнік міліцыі Іван Касцюк працаваў у крымінальным вышуку ў нялёгкія, “ліхія” 90-ыя – час разгулу крыміналу, грабяжоў, крадзяжоў, разбояў і забойстваў. На міліцыянерах у тыя гады была асаблівая адказнасць за жыцці землякоў. І яе Іван Адольфавіч са сваімі калегамі апраўдалі. Гэта яны раскрылі серыю грабяжоў на дарогах, крадзяжы ў магазінах, забойства ў Лескавічах. Многія шумілінцы і сёння памятаюць выказванне, якое ў 90-ыя гады было распаўсюджана ў райцэнтры: “Іван Адольфавіч Касцюк – граза шумілінскіх бандзюг”. Сёння, з вышыні пражытых гадоў, сам герой разумее: гэта было прызнанне ягонай добрай работы, прызнанне прафесіяналізму. Злачынцы баяліся вопытнага оперупаўнаважанага і нават пасылалі яму пагрозы. І калі аднойчы адна з іх была напісана на паштовай скрыні, Івану Адольфавічу стала боязна за сваю сям’ю. Але хутка ліхадзей быў злоўлены – яго вылічылі па почырку.
Калі Іван Адольфавіч працаваў у крымінальным вышуку, Дзмітрый яшчэ вучыўся ў школе. Ён ганарыўся сваім бацькам, браў з яго прыклад. Напэўна, таму невыпадкова вырашыў прадоўжыць міліцэйскую дынастыю і пайшоў вучыцца ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе прыйшоў працаваць оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку ў Шумілінскі РАУС. Бацька для яго быў і настаўнікам, і дарадцам, і старшым таварышам.
Сёння маёр міліцыі Дзмітрый Касцюк займае пасаду старшага оперупаўнаважанага групы вышуковай работы аддзялення крымінальнага вышуку РАУС. Ён  працуе па ўсім раёне – вышуквае тых, хто абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прапаўшых без вестак, даўжнікоў па розных грамадзянскіх справах. Праўда, іншым разам шукаць людзей прыходзіцца не толькі па Віцебскай вобласці ці краіне, але і за яе межамі.  Некалькі чалавек, прапаўшых без вестак, знайшоў у Расійскай Федэрацыі (дзеля гэтага неаднойчы прыйшлося з’ездзіць у камандзіроўку ў Маскву). А ў мінулым годзе, калі ў час водпуску ездзіў у Абхазію, паставіў сабе за мэту знайсці там даўжніка па крэдыту. І знайшоў – перадаў звесткі пра яго месцазнаходжанне супрацоўнікам аддзела  прымусовага выканання.  Увогуле, у мінулым годзе Дзмітрый Касцюк знайшоў 36 даўжнікоў і 20 чалавек, якія знаходзіліся ў вышуку.
Дзмітрый часта выязджае на раён у складзе следчай аператыўнай групы. Такія рэйды дапамагаюць вышукваць злачынцаў. Напрыклад, аднаго знайшлі ў час канфіскацыі самагоннага апарата ў Шуміліне, другога – у час раскрыцця крадзяжу ў Ляжнях.
Спакойны па характары, вытрыманы і заўсёды ўпэўнены ў сабе, Дзмітрый умее працаваць з людзьмі, і яны выказваюць оперупаўнаважанаму падзякі за работу. За бездакорную службу Дзмітрый Касцюк (дарэчы, як і яго бацька)  неаднаразова ўзнагароджваўся падзякамі і граматамі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
“Самае галоўнае для супрацоўніка крымінальнага вышуку – прыстойнасць і вялікае жаданне працаваць, – кажа Дзмітрый. – Гэта тая работа, дзе правяраеш сябе на вынослівасць, сілу і вытрымку”. Дзмітрый можа ганарыцца, што такія іспыты вытрымаў на “выдатна”.
Заснавальнік міліцэйскай дынастыі Іван Адольфавіч Касцюк ганарыцца сваімі дзецьмі, тым, што ягоную справу прадоўжыў не толькі сын Дзмітрый, але і дачка Кацярына, якая працуе ў Полацкім аддзеле ўнутраных спраў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №18 ад 02.03. 2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *