«Паехалі!» – з такой фразы, сказанай першым у свеце касманаўтам Юрыем Гагарыным, пачаўся рабочы дзень 12 красавіка ў механізатараў КУСГП «Ульскі». Так яны прыступілі да ворыва.
На палетках ля в. Чэрчыцы мы сустрэліся з механізатарамі Ігарам Барысевічам і Аляксандрам Кляцковым (на здымку), якія планавалі ўзараць за дзень да сямі гектараў кожны. Палеткі ля Заходняй Дзвіны даволі добра падсохлі, яшчэ дзён пяць – і можна прыступаць да сяўбы, расказалі механізатары. У МТЗ Ігара Барысевіча паўпрычапны чатырох-корпусны плуг, а Аляксандру Кляцкову гаспадарка за бюджэтныя грошы закупіла новы навясны плуг беларускай вытворчасці. З такім плугам асабліва зручна разварочвацца на невялікіх участках палеткаў. Усяго ў «Ульскім» мяркуюць узараць пад вясеннюю сяўбу 496 гектараў палеткаў.
Р.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, КУСГП«Ульскі» першым у раёне распачла сяўбу. На раніцу ўчарашняга дня ў гаспадарцы ўжо засеялі 65 гектараў яравых зерневых на прыдзвінскіх палетках.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

