Прафсаюз арганізаваў сустрэчу з ветэранами

Новости Общество

Ветераны труда на экскурсии в музее.

 Пярвічная прафсаюзная арганізацыя райвыканкама ў гонар Першамая арганізавала для сваіх ветэранаў працы сустрэчу ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

У мерапрыемстве бралі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Галынчык і яго намеснік Ірына Шалахава. Сяргей Аляксандравіч  адзначыў, што вельмі прыемна бачыць ветэранаў працы бадзёрымі і актыўнымі. Падзякаваў ім за падтрымку розных грамадскіх ініцыятыў, у тым ліку і прафсаюзных, і папрасіў падзяліцца жыццёвым вопытам.

Трэба адзначыць, што ветэраны былі вельмі актыўнымі. Яны расказалі пра сваё жыццё, пра камсамольскую і партыйную работу ў савецкія часы. Пра прадпрыемства меліярацыйных сістэм, сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае», Дабейскі сельвыканкам распавёў гутарку Аляксандр Аляксеенка. «Мы ўсе выхаваны партыйным духам. Для нас слова “трэба” было законам», – дадаў былы сакратар райкама камсамола, супрацоўнік РАУС, а потым старшыня Светласельскага сельвыканкама Віктар Шчарбакоў.

Цікавым быў расказ Раісы Шах. Родам з Ушаччыны, яна прыехала ў наш раён паўстагоддзя таму і прыжылася тут. Працавала ў райкаме камсамола, райкаме партыі, а потым узначаліла ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама. Раіса Іванаўна адзначыла, што паўтарыла б зноў свой жыццёвы шлях, нягледзячы на тое, што «працавалі суткамі».

Пра работу ў райкаме партыі расказала Вольга Аўчыннікава. Яна згадала, як ў раёне будаваліся сельскагаспадарчыя аб’екты, як на фермах Галі і Грабніца дасягнулі пяцітысячных надояў, а ў Крывым Сяле была камсамольска-маладзёжная ферма, як Мішневіцкая школа аб’явіла акцыю «Усе на трактар!», як у рэзерв на кіруючыя пасады раней планавалі па некалькі чалавек. «Трэба людзей слухаць і сустракацца з імі, – параіла з вышыні свайго жыццёвага вопыту Вольга Пятроўна. – У любога кіраўніка павінна быць пачуццё чалавека. А дзень варта пачынаць з усмешкі і добрага слова».

Пра сваю работу расказалі былыя бухгалтар райвыканкама Аляксандра Жураўская і начальнік аддзела эканомікі Тамара Сідарава. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы за кубкам гарбаты. Таварыскія зносіны, успаміны пра мінулыя гады нібыта вярнулі ветэранаў у маладосць.

Падчас мерапрыемства для ветэранаў працы была праведзена экскурсія па новых экспазіцыях гісторыка-краязнаўчага музея.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *