Андрей Лазарь — связист-универсал

Экономика

Андрэй Лазар – сувязіст-універсал

Інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне і відэакантроль трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Сёння многія жыхары раёна з’яўляюцца абанентамі РУП «Белтэлекам», карыстаюцца яго паслугамі.

Калектыў Шумілінскага ўчастка электрасувязі невялікі, але годна спраўляецца са сваімі абавязкамі, бо тут працуюць сапраўды ўніверсальныя спецыялісты, якія не дзеляць работу на сваю і чужую. Адзін з такіх работнікаў – інжынер электрасувязі Андрэй Лазар. Пасля заканчэння Віцебскага каледжа сувязі Андрэй некалькі месяцаў адпрацаваў у Віцебску, затым перавёўся ў Шуміліна, дзе і працуе ўжо амаль дзесяць год.

Падключэнне і абслугоўванне карыстальнікаў інтэрнэту, інтэрактыўнага тэлебачання і сістэм відэаназірання, вядзенне тэхнічнай дакументацыі – далёка не поўны пералік службовых абавязкаў інжынера-сувязіста. За дзень кожны з электрасувязістаў абслугоўвае звыш дзесяці абанентаў. Але ж калі iдзе рэканструкцыя сетак сувязі, тут прысесці няма часу.

У апошнія гады замянілі на оптавалакно сеткі сувязі ў Шуміліне, Слабадзе, Мікіцісе, Обалі. У мінулым годзе «Белтэлекам» сумесна з Міністэрствам унутраных спраў пачаў устанаўліва-ць камеры відэаназірання ў рамках рэспубліканскай сістэмы грамадскага маніторынгу.

Андрэю Лазару работа падабаецца: пастаянна ў руху, увесь час з людзьмі. Менавіта пра такую ён і марыў. Спецыяліст імкнецца адпавядаць патрабаванням часу, бо ад гэтага залежыць якасць аказваемых паслуг, а значыць і імідж прадпрыемства. Малады, ініцыятыўны, цікаўны, камунікабельны, спартыўны, удзельнік раённых і абласных спартыўных спаборніцтваў. У мінулым годзе выканаў нарматыў на сярэбраны значок Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Са спортам хлопец даўно на ты, асабліва любіць лёгкую атлетыку і лыжныя гонкі. А добрую фізічную форму Андрэй Лазар з калегамі падтрымлівае на занятках у ФАЦ, якія, дарэчы, аплачвае прафсаюзная арганізацыя ўчастка электрасувязі.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *