15 мая — День семьи. «У нас всё получится!» — уверена семья Миляк из деревни Боёвка

Общество Семья

«У нас усё атрымаецца»

Са словам сям’я ў кожнага свае асацыяцыі. Але ўсе мы пры гэтым згадваем родных, бацькоў, дзяцей. Мы імі даражым, прыслухоўваемся да іх парад, клапоцімся пра іх і акружаем увагай. Па такім прынцыпе жыве маладая сям’я Таццяны і Сяргея Мілякоў з вёскі Баёўка Светласельскага сельсавета.

Многія іх равеснікі паспяшылі перабрацца ў горад ці хаця б у райцэнтр у кватэру са зручнасцямі. Сяргей і Таццяна палічылі за правільнае жыць на вёсцы: тут свежае паветра, побач агарод, дзе можна вырошчваць садавіну-гародніну для сям’і. А смакаваць яе ёсць каму – маладая сям’я выхоўвае траіх дзетак. Арына ходзіць у другі клас, Арцемію 6 гадоў, Ягору – два.

Таццяна і Сяргей разам восем гадоў. Жывуць у доме бацькоў Таццяны, які рэканструявалі так, што зараз яго і не пазнаць. Унутры зрабілі капітальны рамонт, на падлогу паклалі ламінат, выраўнялі сцены, абшылі столь гіпсакардонам. Пабудавалі веранду, узвялі лазню. Паступова, не спяшаючыся, сваімі рукамі.

«Усё гэта мы рабілі ўпершыню ў жыцці, – кажа Сяргей. – Што было незразумелым – дапамог інтэрнэт. Для сябе ж стараемся, для сваёй сям’і. Хочацца стварыць камфортныя ўмовы для дзяцей. У будучым пабудуем альтанку, ужо вызначылі месца».

Акрамя будаўнічых работ, Мілякі спасцігаюць навуку пчалярства. Вырашылі прадаўжаць справу бацькі Таццяны, ад якога засталося ў спадчыну некалькі домікаў. Даглядаюць яшчэ і трусоў. У планах маладой сям’і – пабудаваць гаспадарчую пабудову, развесці курэй і свіней.

Таццяна і Сяргей актыўныя і ў грамадскім жыцці. Летась удзельнічалі ў конкурсе «Уладар сяла», кожны год усёй сям’ёй наведваюць свята 9 Мая, прымаюць удзел у спартыўных школьных конкурсах, Сяргей (майстар РЭС) дапамагае ў добраўпарадкаванні тэрыторыі дзіцячага сада № 4, які наведваюць малодшыя дзеці і дзе Таццяна працуе медсястрой. Такімі ж актыўнымі падрастаюць дачка і двое сыноў: прымаюць удзел у розных мерапрыемствах.

Вольны час сям’я Мілякоў любіць бавіць на рыбалцы. А потым разам гатуюць юшку, якая атрымліваецца самай смачнай у свеце. Вясной ці ўвосень кожны год саджаюць па некалькі пладовых дрэў – ля дома зелянее малады сад. Таццяна і Сяргей лічаць, што галоўнае ў сям’і – узаемапавага і разуменне. Важна цаніць тое, што маеш. Варта быць уважлівым адзін да аднаго, не за-бываць гаварыць чароўныя словы «я цябе кахаю» і «ў нас усё атрымаецца».

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *