18 МАЯ – Международный день музеев. Выставка, посвящённая теме геноцида открылась в Шумилинском историко-краеведческом музее

Культура Новости

У Дзень Перамогі ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася новая экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якая адразу выклікала цікавасць у наведвальнікаў.

–  Тэма генацыду была прадстаўлена ў музеі, як частка агульнай экспазіцыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але яна была прадстаўлена даволі сціпла, некаторыя старонкі не асвятляліся наогул, ускосна падавалася тэма Халакосту і некаторыя іншыя, – расказвае дырэктар музея Святлана Іванова. – Расследаванне генацыду беларускага народа, якое праводзіць Генеральная пракуратура Беларусі, выявіла новыя факты, адкрыла новыя старонкі трагічных падзей. У музеі была створана часовая экспазіцыя, якая дэманстравалася на пра-цягу года. Стала зразумела, што тэма патрабуе новага асэнсавання, больш шырокай падачы выяўленых фактаў. Пры фарміраванні матэрыялаў для новай экспазіцыі былі дабаўлены матэрыялы з запаснікаў і архіву музея.  Дапоўнілі інфармацыю па Шумілінскім раёне матэрыялы, перададзеныя пракуратурай раёна. Так, у выніку колькасць спаленых фашыстамі вёсак, якія не адрадзіліся пасля вайны, павялічылася да 50. Афармляючы стэнды, супрацоўнікі музея імкнуліся найбольш поўна асвятліць тэму генацыду ў гады вайны на тэрыторыі раёна, Віцебскай вобласці і Рэспублікі Беларусь у цэлым.

Святлана Іванова адзначыла, што выставу, прысвечаную тэме генацыду, было вырашана стварыць у старым будынку музея на плошчах, якія вызваліліся пасля пераезду ў новы будынак. Такім чынам у старым будынку аб’ядналіся экспазіцыі, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны. Новую выставу вырашылі адкрыць да Дня Перамогі.

–  З’явіліся ідэі па фарміраванні выставы, значную метадычную дапамогу аказалі галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама кандыдат гістарычных навук Д. В. Юрчак і галоўны захавальнік фондаў Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова Д. В. Якаўлеў, – працягвае дырэктара музея. – Асноўныя работы па афармленні экспазіцыі выконвалі літаральна ўсе. Была поўная падтрымка і дапамога з боку намесніка старшыні райвыканкама Ірыны Шалахавай і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама на чале з начальнікам аддзела Русланам Матвейчуком, які не толькі дапамагаў арганізаваць работу але літаральна з малатком у руках манціраваў стэнды. Стварыць атмасферу рэчаіснасці, аформіць выставу дапамагла мастакафарміцель раённай бібліятэкі Іна Зянькова.

Непасрэдна мантаж стэндаў і экспазіцыі рабілі рабочыя гаспадарчай групы раённага цэнтра культуры Мікалай Маргелаў і Павел Кліменцьеў, дапамагаў Канстанцін Міхееў з дзіцячай школы мастацтваў, супрацоўнікі бібліятэкі Іры-на Сарма і Таццяна Раманава. Новае асвятленне ва ўсім будынку старога музея зрабілі работнікі цэнтра па абслугоўванні бюджэтных арганізацый: намеснік начальніка ўпраўлення ЦХА Сяргей Авяр’янаў і рабочы Сяргей Раманцаў. Усе работнікі музея працавалі штодзень, выставу рабілі на суботніках, каб паспець у тэрмін.

Святлана Іванова падкрэсліла, што асабліва складана было стварыць аўтэнтычную атмасферу выставы. Ёсць у экспазіцыі прадметы ваеннага часу, удалося знайсці падобныя рэчы. Створана карта спаленых вёсак. Усяго на стварэнне экспазіцыі выдаткавана каля 1,5 тысячы

рублёў з пазабюджэтных сродкаў музея. «Вельмі хочацца дадаць у экспазіцыю электронныя гаджаты, якія дазволяць выкарыстоўваць мультымедыйныя тэхналогіі ў падачы матэрыялаў, марым пра аўдыёгіды, якія дазволяць аказваць больш разнастайныя паслугі наведвальнікам», – расказала кіраўнік музея.

Ад сябе асабіста дадам: калі вы не бачылі новую выставу ў музеі, абавязкова наведайце яе. Так, гэта вельмі трагічныя старонкі нашай гісторыі, але яны дапамагаюць ацаніць мірнае жыццё, асэнсаваць кошт чалавечага жыцця і зразумець, чаму пра гэта трэба помніць, каб яно не паўтарылася больш ніколі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *