Шумилинская СШ №1 отпраздновала свой 100-летний юбилей

Актуалии Новости Образование

Лепшая адзнака школы – поспех яе вучняў

У жыцці кожнага чалавека ёсць свая першая школа, першы клас і першы настаўнік. Першыя – яны застаюцца ў нашай памяці і ў нашым жыцці назаўсёды як самыя дарагія, самыя кранальныя. Менавіта таму ў многіх выступоўцаў, якія падымаліся на сцэну ў актавай зале СШ №1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна, дрыжаў голас, ад пачуццяў наварочваліся слёзы… Мала дзе можна пабачыць і пачуць столькі станоўчых эмоцый, хваляванняў, віншаванняў і шчырых слоў удзячнасці, колькі іх было у суботу ў  Шумілінскай СШ №1. Школа святкавала свой стогадовы юбілей.
Ганаровыя госці, былыя выпускнікі, вучні, ветэраны педагагічнай працы і настаўнікі выказвалі ШКОЛЕ сваю ўдзячнасць, сваю любоў і прызнанне. Разам спявалі, віталі і падтрымлівалі адзін аднаго, успаміналі, віншавалі і дарылі падарункі.
Сярод ганаровых гасцей былі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Пенін і  начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, кіраўнік Сакратарыята Старшыні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Уладзімір Мацвяйчук.
Дырэктар школы Наталля Мясаедава вітала ўсіх, хто сабраўся на святочнае мерапрыемства, расказала пра падрыхтоўку да ўрачыстасцяў, выказала падзяку ўсім, хто падтрымаў школу, хто дапамог арганізаваць юбілейны вечар.
З прывітальным словам да калектыву школы звярнуўся кіраўнік раёна Аляксандр Снараў, які падкрэсліў вядучую ролю буйнейшай установы адукацыі раёна, яе лідзіруючыя пазіцыі па многіх напрамках, пажадаў поспехаў педагогам, усяму калектыву школы, бацькам і вучням.

Асаблівыя словы ўдзячнасці былі выказаны ў адрас ветэранаў-педагогаў, якія задалі тую высокую планку, што з’яўляецца апорай і арыенцірам у рабоце для сучасных настаўнікаў. Лепшай адзнакай дзейнасці ўстановы адукацыі з’яўляюцца тыя тысячы выпускнікоў, якія сталі інжынерамі і ўрачамі, настаўнікамі і рабочымі, якія сваёй працаў уносяць уклад у развіццё раёна і краіны, адзначыў старшыня райвыканкама.

Аляксандр Снараў уручыў педагогам школы ўзнагароды: Н. У. Лузгіной – Ганаровую грамату райвыканкама, А. А. Красіцкай – Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў, Л. Б. Сілінай – Падзяку старшыні райвыканкама.

Да шаноўнага юбілею ўстанова адукацыі атрымала ад раённых уладаў сертыфікат на 12 тысяч рублёў.

Наогул, тэма адзнакі дзейнасці школы гучала ў многіх выступленнях, што зразумела, бо сто год работы – час падводзіць пэўныя вынікі. Прапаноўваліся розныя крытэрыі ацэнкі, але ўсе іх аб’ядноўвала думка, што менавіта выпускнікі, іх веды, іх поспех у жыцці, іх дасягненні – гэта лепшы паказчык узроўню дзейнасці школы. А сярод выпускнікоў СШ №1 нямала паспяховых, аўтарытэтных людзей, якія шмат чаго дабіліся ў жыцці – навукоўцы з вучонымі ступенямі, бізнесмены і кіраўнікі прадпрыемстваў, палітыкі і адміністратары, выдатныя спецыялісты ва ўсіх сферах дзейнасці. А чым не адзнака, што ў педагагічным калектыве школы 37 настаўнікаў – яе выпускнікі.

Шмат удзячных слоў было сказана ў адрас ветэранаў. За стогадовую гісторыю школы нямала педагогаў атрымалі ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”, былі ўзнагароджаны ордэнамі СССР. А які цяжкі лёс выпаў на долю ваеннага пакалення педагогаў і вучняў! Многія загінулі ў барацьбе з ворагам, многія вярнуліся з баявымі ўзнагародамі, працягвалі высакародную справу – вучылі дзяцей. Хвалюючыя словы вядучых дапаўняў на экране бясконцы рад партрэтаў і імён педагогаў школы.
З асаблівай цеплынёй сустракалі прысутныя былога дырэктара школы Міхаіла Сямёнава, які прысвяціў ёй больш за чвэрць стагоддзя. А намеснік дырэктара Святлана Сільчанка ўзгадала пра “сямёнаўскую эпоху” ў гісторыі школы, калі развіваўся музычны ўхіл, калі вучні школы давалі ў раённым Доме культуры бліскучыя канцэрты, збіралі поўныя залы гледачоў, калі зарадзіліся многія школьныя традыцыі.
Уладзімір Пенін, выпускнік школы 1979 года, адзначыў, што з задавальненнем прайшоўся па кабінетах роднай школы, але зразумела, што зараз іншая, сучасная школа, а стаіць задача зрабіць з яе школу будучага, каб яна магла вырашаць тыя задачы, якія ставіць перад установай адукацыі, перад яе выпускнікамі сучаснае жыццё.

Ад імя кіраўніцтва Віцебскай вобласці Уладзімір Пятровіч павін-шаваў калектыў з юбілеем, уручыў Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў настаўніцам В. А. Баганавай і А. М. Казаковай. Сертыфікат на 15 тысяч рублёў як першы ўклад ў школу будучага быў уручаны дырэктару ўстановы Наталлі Мясаедавай.

Яшчэ 5 тысяч рублёў атрымала школа ў падарунак ад начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрыя Хомы, які нагадаў, што па плану ў 2018 годзе  школа атрымае яшчэ і новы камп’ютарны клас.

Не мог стрымаць хваляванняў выпускнік школы 1968 года Уладзімір Мацвяйчук, успамінаючы пра сваё паступленне ў школу, пра настаўнікаў.

Уладзімір Фёдаравіч падарыў роднай школе бібліятэку, якая аб’яднала шырокае кола выданняў пра Беларусь, а таксама зборнік пазнавальных і навукова-папулярных фільмаў Белтэлерадыёкампаніі. У складзе падарунка – унікальныя факсімільныя выданні твораў Францыска Скарыны і “Буквара языка словенскага” – другога па часе друкавання (1618 год) беларускага буквара.

Узнагароды работнікам школы ўручыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Навіцкая заўважыла, што выпускнікі школы папаўняюць рады работнікаў устаноў культуры раёна, многія вучні Шумілінскай СШ №1 з’яўляюцца выхаванцамі дзіцячай школы мастацтваў, самадзейнымі артыстамі раённага цэнтра культуры. Работнікі культуры падарылі школе акварыум з сотняй “залатых” і залатую рыбку, каб яна  выконвала ўсе пажаданні.
З падарункамі і словамі віншаванняў паднімаліся на школьную сцэну кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, грамадскіх арганізацый. А выпускнік школы, зараз дырэктар ААТ “АграБаравінка”. Уладзімір Арлоў яшчэ і песню спеў.
Святочны вечар праляцеў незаўважна. І калі надышоў час развітвацца, многія яшчэ доўга гуртаваліся ў актавай зале і школьных калідорах, размаўлялі, успаміналі, фатаграфаваліся на памяць і жадалі новых сустрэч, на чарговым юбілеі любімай і такой роднай школы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Выступае хор настаўнікаў Шумілінскай СШ № 1.
Сярод педагогаў школы – 37 яе выпускнікоў.
Надрукавана ў №9 ад 30.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *