В Светлосельском сельском Совете прошел День работы с населением

Главное Новости Общество

Непунктуальная аўталаўка, парадак на могілках – жыхары Светласельскага сельсавета падзяліліся праблемамі

Дзень работы з насельніцтвам прайшоў на мінулым тыдні ў Светласельскім сельсавеце. Два дні рабочыя групы, якія ўзначалілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава і ў якія ўвайшлі прадстаўнікі РАУС, РАНС, РЭС, УП ЖКГ, ДРБУ‑204, ТЦСАН, аб’ехалі аграгарадкі і вёскі сельсавета і сустрэліся з мясцовым насельніцтвам.

З якім настроем вяскоўцы сустракаюць лета, якія праблемы іх хвалююць, і мелі на мэце даведацца раённыя службы, а заадно правесці інфармацыйна-тлумачальную работу па многіх пытаннях жыццядзейнасці. Людзям было даспадобы тое, што ўлады прыехалі да іх, бо ёсць упэўненасць, што праблемы, выказаныя праз жывыя зносіны, абавязкова будуць вырашаны.

Так, у вёсцы Мазекі, дзе пастаянна пражываюць 10 чалавек, на лета прыязджаюць дачнікі, вяскоўцы выказалі незадаволенасць графікам прыезду аўталаўкі. У апошні час яна наогул перастала заязджаць да іх. «Нам бы летам хоць раз, па суботах», – папрасілі яны дапамогі ў раённай улады. Жыхары Завяззя з гонарам адзначалі, што ў адрозненне ад іншых вёсак у іх толькі адзін дом пустуючы. Яны таксама ўзнялі пытанне работы аўталаўкі. Па словах вяскоўцаў, прыязджае, калі захоча, графік не вытрымліваецца практычна ніколі, асартымент залежыць ад прадаўца. А вось наконт таго, што па іх просьбе перанеслі вулічны ліхтар, выказалі падзяку начальніку РЭС Дзмітрыю Муркову, які якраз прысутнічаў на сустрэчы.

Не вельмі актыўнымі былі жыхары аграгарадка Светласельскі. Тым не менш, у адрас камунальнай службы была агучана просьба арганізаваць разам з насельніцтвам на крупчанскіх могілках, адных з самых буйных у раёне, санітарную ачыстку. Так бы мовіць, суботнік. Наогул пытанне навядзення парадку на грамадзянскіх могілках узнімалі таксама жыхары Полцева, Ужляціна, Лажок, Лескавічы. Тройца на парозе, трэба як след прыбрацца.

Высокай была яўка ў Каравайніцы. Найперш людзі прыйшлі атрымаць адказ на пытанне, калі ім можна будзе спадзявацца на правядзенне электраацяплення ў свае дамы. Нюансы агучыў сам начальнік РЭС Д. В. Муркоў. Узнімалі вяскоўцы як прыватныя пытанні, так і грамадскія, у прыватнасці, прасілі замяніць кантэйнер і адрамантаваць дарогу па вуліцы Цэнтральнай.

Жыхары Засіннікаў сёлетняй зімой вельмі пакутавалі ад завеяў, калі перамятала ім дарогу ў вёску. І на сустрэчы з раённымі службамі вырашылі ўладкаваць заслону ад снегу, пасадзіўшы жывую агароджу.

У сваю чаргу і ўдзельнікі рабочых груп выказвалі ў адрас вяскоўцаў свае просьбы і заўвагі – і наконт своечасовага добраўпарадкавання сядзіб, выканання правілаў пажарнай бяспекі пры спальванні смецця (абавязкова з вядром вады і пад наглядам), асцярожных зносін з незнаёмымі людзьмі (калі падазроны, адразу тэлефанаваць у міліцыю 102).

Па выніках сустрэч складзены пратакол даручэнняў, у якім 22 пытанні, адзначаны адказныя службы. На выніковай нарадзе, якая пройдзе 26 мая, будуць разгледжаны шляхі іх вырашэння.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *