В Шумилино чествовали одаренную и талантливую молодежь

Главное Молодёжь Новости Общество

«Мы  верым  у  вас і  ганарымся!»

У пятніцу, 19 мая, у раённым цэнтры культуры прайшло ўрачыстае свята ўшанавання адоранай і таленавітай моладзі Шуміліншчыны, на якую былі запрошаны 73 вучні ўстаноў адукацыі раёна і спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, іх педагогі і бацькі.

Сапраўды, у нас многа адораных і таленавітых дзяцей! Тых, хто прынёс славу сваёй малой радзіме і абараняе яе гонар на прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, на гульнявых спартыўных пляцоўках і барцоўскіх дыванах, на вялікіх канцэртных сцэнах.

Адны, як напрыклад, адзінаццацікласніцы Вікторыя Шэдзько з Шумілінскай СШ № 1 і Вікторыя Іванова з Шумілінскай СШ № 2 не першы раз прымаюць удзел у падобным мерапрыемстве. Яны заявілі пра сябе аднойчы і сваёй штодзённай упартай, настойлівай і няспыннай працай не збіраюцца збочваць з дарогі, а наадварот, развіваюцца, рухаюцца ўперад, заваёўваючы ўсё больш важкія і гучныя ўзнагароды. Сёлета, да слова, Вікторыя Шэдзько стала пераможцай заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, а Вікторыя Іванова – прызёрам рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Можна сказаць, усім раёнам мы сочым за музычнымі і спартыўнымі поспехамі Багдана Ушала, дзесяцікласніка Шумілінскай СШ № 1, выхаванца РЦДМ і ўдзельніка ўзорнай эстраднай студыі «Асарці» РЦК. І ён стараецца не падвесці ні бацькоў, ні педагогаў, ні ўстановы, ні раён. Сярэбраны прызёр першынства Расіі па в’ет ва дао, лаўрэат I ступені V Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Музычная скарбніца», дыпламант I ступені міжнароднага тэлепраекта «Кубак дружбы» – гэта далёка не поўны спіс яго дасягненняў.

Нікому не сакрэт, што шлях да поспеху вельмі цяжкі, не бывае лёгкіх перамог і падарункаў лёсу, але з надзейнай пастаяннай падтрымкай няма нічога немагчымага. Тым больш, калі гэта падтрымка людзей, асабліва зацікаўленых у агульным выніку. Размова пра педагогаў, хто стварае ўмовы для самарэалізацыі дзяўчат і хлопцаў, дапамагае дзецям знайсці сябе, развіваць здольнасці і таленты. Гэта дзякуючы менавіта педагогам, іх самаадданай працы і прафесіяналізму, у нас ёсць магчымасць ганарыцца поспехамі і дасягненнямі нашых дзяцей.

Ну і, безумоўна, гэта неацэнная падтрымка самых блізкіх і дарагіх людзей – бацькоў, якія ў першую чаргу выхоўваюць дастойных грамадзян краіны.

Шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто сабраўся ў зале, выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч – за талент, упартасць, працалюбства, за бліскучыя стабільныя вынікі ў інтэлектуальнай, творчай і спартыўнай дзейнасці. Мікалай Аляксеевіч вельмі папрасіў усіх не спыняцца на дасягнутым, а быць і надалей рашучымі і настойлівымі, быць лідарамі ў жыцці, упэўненымі ў сабе, верыць ва ўласныя сілы. «Ведайце: мы верым у вас і ганарымся вамі!» – зазначыў ён.

У сваю чаргу падзяку ўладам за ўсебаковую падтрымку і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, педагогам і бацькам – за клопат і цярпенне выказала Вікторыя Шэдзько. Словы ўдзячнасці прагучалі і з вуснаў Наталлі Кузняцовай, маці таленавітага Кірыла Кузняцова, выхаванца РЦДМ, які сёлета стаў пераможцам рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вучняў «Калядная зорка». Ад імя педагогаў выступіла Алена Сініцкая, педагог Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў.

Прэміі Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны ў трох намінацыях. Так, у намінацыі «Алімп» узнагароды атрымалі выхаванцы Шумілінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, Шумілінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, прафсаюзных спартыўных клубаў, устаноў адукацыі раёна, якія маюць высокія дасягненні і ўзнагароды.

Намінацыя стала самай масавай.Вучні нашага раёна ўносяць вялікі ўклад у скарбонку спартыўных дасягненняў Шуміліншчыны. Кожны год славяць раён, займаючы прызавыя месцы на самых разнастайных спартыўных пляцоўках, валейбалісты, якіх трэніруюць Людміла Харкавец, Аляксей Паршыкаў. Рэгулярна становяцца пераможцамі  выхаванцы трэнераў Святланы Бараноўскай па вавінам вьет во дао, трэнераў Пятра Ганушчанкі і Юрыя Сцяпанава па грэка-рымскай барацьбе і Генадзя Салапаева па біятлоне.

У намінацыі «Інтэлект» прэміямі адзначаны вучні ўстаноў адукацыі раёна, пераможцы абласных алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый.

У намінацыі «Творчасць» прэміі атрымалі пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, міжнародных музычных фестываляў і конкурсаў.

Святочныя ўрачыстасці сталі яшчэ адным доказам таго, што ў нас ёсць таленавітая, дапытлівая і мэтанакіраваная моладзь, а значыць у нашага раёна, вобласці і ўсёй краіны ёсць выдатная будучыня.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *