Служба 102 сообщает

Происшествия

За мінулы тыдзень у раённы аддзел унутраных спраў паступіла 123 паведамленні і заявы, расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

За тыдзень выяўлена 19 адміністрацыйных правапарушэнняў, 9 з якіх – за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскім месцы, 5 – за нявыхад абавязанай асобы на работу.
Праведзена адпрацоўка 60 асоб, якія стаяць на розных прафілактычных уліках за правапарушэнне ў быце, а таксама асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі.
Выяўлены два факты сямейнай неблаганадзейнасці, інфармацыя накіравана ў аддзел па адукацыі райвыканкама.
Праверана па месцы жыхарства 12 непаўналетніх, з імі праведзена індывідуальна-прафілактычная работа.
Супрацоўнікі ДАІ выявілі 44 парушэнні правілаў дарожнага руху.
Правілы дарожнага руху парушылі 9 веласіпедыстаў.

Кашалькі

Жыхарка Хацілава звярнулася ў міліцыю з той нагоды, што з яе дома пра-паў кашалёк, дзе знаходзілася 94 рублі. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку сумесна з работнікамі аддзялення па ахове аб’ектаў г. п. Шуміліна Чыгуначнага (г. Віцебск) аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ устанавілі, што чужое дабро прыбрала да рук жыхарка райцэнтра. Узбуджана крымінальная справа, максімальнае пакаранне, што пагражае ліхадзейцы – пазбаўленне волі да трох гадоў.

З падобным выпадкам міліцыянеры разбіраліся і ў райцэнтры, жыхарка якога таксама паведаміла пра крадзеж кашалька са 100 рублямі. У ходзе расследавання высветлілася, што кашалёк узяла дарослая дачка гаспадыні. Па дадзеным здарэнні праводзіцца праверка.

Трактар

Жыхар  г. Гарадок  звярнуўся ў Шумілінскі РАУС і прасіў разабрацца з праблемай. Справа ў тым, што ён пакінуў свой трактар ДТ-75 на працяглы час на двары ў знаёмых у Кардоне, а гаспадар і ягоная сужыцелька паціху разбіралі трактар і здавалі запчасткі на металалом. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Міні-трактар

Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі на аўтадарозе ў Лескавічах жыхара раёна, які ехаў на самаробным міні-трактары без дакументаў. Гаспадару пагражае штраф ад 5 да 20 БВ.

Пешаход

Падчас чарговага рэйду па дарогах раёна інспектары дарожна-патрульнай службы заўважылі на праезнай часткі дарогі ў Лескавічах нецвярозага пешахода. Ён пэўны адрэзак шляху ішоў, а потым упаў. Супрацоўнікі ДАІ дапамаглі яму падняцца і даставілі па месцы жыхарства. Такая паслуга была бясплатнай, а вось за парушэнне Правілаў дарожнага руху мужчыну пагражае штраф да 3 БВ.

Светлафор

На мінулым тыдні супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі зафіксаваны два факты праезду аўтамабіляў на чырвонае святло святлафора. Такія адміністрацыйныя правапарушэнні здзейснілі жыхары Віцебска і Полацкага раёна. Абодвум вадзіцелям пагражае штраф памерам да адной базавай велічыні.

Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *