ОТКРЫТА РАЙОННАЯ ДОСКА ПОЧЁТА

Край шумілінскі Общество Официально

Святочны рэпартаж
Праслаўленыя працай

30 красавіка. Шуміліна. Гарадская плошча. Увагу прахожых прыцягваюць рабочыя, што зранку завіхаюцца ля Дошкі гонару. Інтрыга. Чые імёны сёлета яна праславіць?..
Бліжэй да вечара ўсё становіцца ясна. Няпростай, пэўна, задачай было абраць усяго 20 чалавек з той кагорты спрытных, гарачых у працы, адказных. І ўсе 20 – такія прыгожыя, са светлымі тварамі і яснымі вачыма. З партрэтаў глядзяць людзі самадастатковыя, здаецца, спакойныя, упэўненыя ў сабе – гэта адчуваецца, лёгка чытаецца ўжо пры завочным знаёмстве.
Традыцыйнае фота перадавікоў са старшынёй райвыканкама, і — у Дом культуры. А там – вялікае свята, дзе яны ў галоўных ролях.
Здаецца, нашы героі ніякавеюць ад непрывычнай, надзвычай пільнай увагі да сябе. Гэта там, на полі, у кабіне камбайна, за рулём ці ў белым халаце для іх усё звыкла, прывычна, там яны ўпэўненыя ў сваіх сілах і ў тым, што яны робяць. Ратаваць людзей, выхоўваць, гартаваць нашых дзяцей, вырошчваць хлеб ці даглядаць жывёлу – тут для іх даўно ўжо няма адкрыццяў ці нечаканасцяў.
І раптам кіраўнік раёна схіляе галаву перад іх працавітасцю і адказнасцю, кажа, што ганарыцца імі, цісне руку з самымі лепшымі пажаданнямі.
Уладзімір Пятровіч павіншаваў са Святам працы намінантаў Дошкі гонару і ўсіх, хто ведае сваю справу, вынікамі чыёй працы можна ганарыцца раёну, усіх, хто на сваім месцы – незаменны.
“Гэта свята, якое прайшло выпрабаванне часам і пранесла праз дзесяцігоддзі ідэю радасці стварэння, павагі да залатых рук чалавека-працаўніка, — узнёсла-лірычны тон усяму мерапрыемству задаў кіраўнік раёна. — Праца ніколі не страціць сваёй значнасці. Будучае краіны, нашых дзяцей і ўнукаў залежыць ад выканання кожным з нас сваіх грамадзянскіх абавязкаў”.
Уладзімір Пятровіч сказаў шмат добрых слоў з нагоды свята, адзначыў непераможную значнасць сумленнай працы ва ўстройстве жыцця наогул.
“Нам ёсць, кім ганарыцца. У працоўных калектывах арганізацый і прадпрыемстваў нямала людзей неардынарных, ведаючых сваю справу, — гэта для ўсіх тых, каго не ўмясціла Дошка гонару, але хто, безумоўна, варты высокай ацэнкі.  Вамі ганарыцца раён, дарагія землякі!” — гэта ўжо ў адрас пераможцаў.
І вось на ўрачыстай сцэне побач — электраманцёр і выратавальнік, вадзіцель і ўрач, педагог і механізатар  —  іх праца высока ацэнена ўладамі, іх вопыт, уменні і падыход да выканання сваіх абавязкаў можна пераймаць, браць за прыклад у рабоце іншым.
Фінальным акордам у слаўнай песні працы і працаўнікам стаў падрыхтаваны шумілінскімі артыстамі канцэрт. Інструментальная музыка, лірычная песня, дзіцячы смех і рознакаляровыя шарыкі – Першамай у Шумілінскім раёне адзначаны слаўна! Так трымаць, і нам усё будзе па плячы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *