«Стену памяти», посвящённую участникам Великой Отечественной войны открыли в Шумилинской СШ №2

Образование Общество

Вайна — на Сцяне памяці
Год назад, якраз напярэдадні Дня Перамогі ў дырэктара СШ № 2 І. І. Аляксеева выспела думка надаць школе імя лётчыка А. І. Дубасарскага, які загінуў пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тады ж  Ігар Іванавіч пагаварыў з сынам героя  Уладзімірам, які прыехаў у Шуміліна на святкаванні. Завязалася перапіска. Нядаўна вучні 4 класа школы атрымалі   ліст з далёкай Адэсы, у якім Уладзімір Анатольевіч расказваў пра свайго бацьку, дзяліўся дзіцячымі ўражаннямі, згадваў успаміны сваёй маці.
Хапіла года школе, каб сабраць грунтоўны матэрыял не толькі пра А. І. Дубасарскага, а і пра многія важныя падзеі Вялікай Айчыннай. Справа ў тым, што кіраўніцтва  задумала мець у школе Сцяну памяці. Збіраліся матэрыялы, закупляліся пластыкавыя стэнды, і сёння Сцяна з 15 стэндаў выглядае прыстойна, важка і ўрачыста.
Урачыстае адкрыццё Сцяны памяці прымеркавалі да Дня Перамогі. Напярэдадні свята ў школе прайшла ўрачыстая лінейка. Першымі адкрывалі стэнды вучні 5-7 класаў, затым урачыстасці прайшлі для старэйшых школьнікаў, завяршалі мерапрыемства   вучні пачатковых класаў. Аўтару гэтых радкоў давялося пабываць на ўрачыстасцях з удзелам старшакласнікаў.
Пад гукі   мелодый часоў Вялікай Айчыннай адкрывае лінейку намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце  школы  М. А. Вішнякова. Слова — гасцям: намесніку галоўнага рэдактара газеты “Герой працы”, аўтару кнігі пра Обальскае падполле “Папялішча — не тлен” М. А. Марозу і старшыні раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікавай. У выступленнях чырвонай ніткай прайшла тэма шанавання памяці тых, хто не вярнуўся з франтоў вайны, хто   гартаваў Перамогу ў партызанах, учыняў дыверсіі, стаяў ля станка, вырабляючы для  фронту снарады і зброю.
Вучні прачула чыталі вершы на ваенную тэматыку, а на заканчэнні ўрачыстасцей К. Ф. Палоўнікава ўручыла падзячныя лісты  дырэктару І. І. Аляксееву,  актывістам школы — як знак прызнання плёну па шанаванні памяці герояў вайны. Як напамінак усім нам пра вечную ісціну: той, хто шануе сваю гісторыю, ніколі не дапусціць, каб неба зацягнула злавесным дымам вайны.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №37 ад 11.05.2012



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *