Служба 102 сообщает

Происшествия

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Спроба ўгону
Жыхар аг. Светласельскі паведаміў у міліцыю пра тое, што ягоны аўтамабіль спрабуюць ўгнаць. А рабіў гэта жыхар Полацкага раёна. Ён прыкмеціў, што фортка ў «Рэно» адчынена, прабраўся праз яе ў салон. Спрабаваў завесці чужы аўтамабіль, але тут якраз падаспелі супрацоўнікі міліцыі. Жыхар Полацкага раёна змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання РАУС. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа, максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі да трох гадоў.

Бароны
Пацярпеў дачнік з Мазек. Са двара ягонага дома прапалі чатыры трактарныя бароны і збівальнік бульбоўніка. Агульны ўрон, нанесены пацярпеламу, – 680 рублёў. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа. Ёсць падазроныя, якія здзейснілі злачынства, – двое жыхароў Светласельскага. Яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС.

Махлярства
Жыхару аг. Слабада прапанавалі “пагуляць на біржы”. У ходзе перапіскі з незнаёмцам высветлілася, што наш зямляк павінен пералічыць 2400 рублёў, каб потым ягоныя грошы “прыраслі”. Мужчына пералічыў названую суму. А ў выніку – ні ягоных грошай, ні выйгрышу. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.

Ручаёк
У РАУС звярнулася сталая жыхарка Обалі, якая расказала, што з вадаёма, які знаходзіцца паблізу яе агарода, прапала электрычная помпа «Ручаёк» і шланг да яе. Агульны ўрон ацэнены на 130 рублёў. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа. Ліхадзею, які вышукваецца, пагражае арышт або абмежаванне волі да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Металалом
Жыхар райцэнтра звярнуўся ў міліцыю з той нагоды, што з яго дачнага дома прапаў металалом. Урон склаў 240 рублёў. Злачынца вышукваецца

Балон
У в. Усы зарэгістраваны крадзеж. На паддашак дома прабраўся невядомы злодзей, а адтуль пранік на веранду. Украў настольную газавую пліту і газавы балон. Урон ацэнены на 156 рублёў. Узбуджана крымінальная справа. Максімальнае пакаранне, што пагражае ліхадзею, – пазбаўленне волі да чатырох гадоў.

Казуля
Вадзіцель, які збіў казулю на аўтадарозе Р­20, з’ехаў з месца дарожна­транспартнага здарэння. За гэта яму пагражае штраф ад 5 да 20 БВ або пазбаўленне права кіраваць транспартнымі сродкамі да двух гадоў.

Без правоў
У райцэнтры затрымана жыхарка Віцебска, якая села за руль «Опеля» без вадзіцельскіх правоў. Пагражае штраф ад 5 да 20 БВ.

Без флікера
Жыхар райцэнтра ў цёмны час сутак ішоў па праезнай частцы па вул. Дачная не пазначыўшы сябе святловяртальным элементам. Пагражае штраф да 3 БВ.

На аўтазапраўцы
Жыхарка абласнога цэнтра, якая запраўляла сваю «Вольва» на аўтазаправачнай станцыі ў Мікіцісе, забылася ўбраць палівараздатачны кран з паліўнага бака. У выніку – абрыў крана. Пагражае штраф да 0,5 БВ.

Людміла ЗУЙКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *