«Бой двароў» і не толькі. Як развіваецца дваровы футбол у Шуміліне

Молодёжь Спорт, туризм

Футбол – гульня нумар адзін ва ўсім свеце. У яе мільёны прыхільнікаў. Не выключэнне і Шуміліншчына. І вельмі часта вялікі футбол пачынаецца з дваровага, калі ў свабодны час хлопчыкі проста ганяюць мяч па полі. У Шуміліне, у «Верхнім горадзе», стала добрай традыцыяй правядзенне футбольных турніраў сярод дваровых каманд.

З  4 ліпеня па 11 жніўня на пляцоўцы «Bonfesto» праходзіла Ліга два-ровага футболу, а ў мінулыя выхадныя  – «Бой двароў. Сёмы раўнд». Арганізавалі турніры футбольныя заўзятары-актывісты браты Максім і Эдуард Крыгіны, якім вельмі дапамагаў сын Максіма – Ягор.

–Турніры патрэбны дзецям, яны з задавальненнем гуляюць у футбол, – расказвае Максім Крыгін. – І нам, дарослым, важна падтрымліваць гэтыя дзіцячыя памкненні. Турніры дапамагаюць арганізаваць і бацькі юных футбалістаў, і футбольныя аматары, і шумілінскія ветэраны футболу. Апошнія гады шмат дапамагаюць раённыя грамадскія аб’яднанні «Пагранічнікі Шуміліна» і «Беларускага саюза ваенных ма-ракоў». «Асацыяцыя Беларуская федэрацыя футболу» дапамагла з мячамі, кубкамі, медалямі.

У Лізе дваровага футболу змагаліся 11 каманд у дзвюх узроставых групах. Сярод 11-13 – гадовых футбалістаў перамагла каманда «Фенікс», сярод 14-17-гадовых «Алмаз». Арганізатары спаборніцтваў вялі прамыя інтэрнет-рэпартажы ў групе на Ютубе, трансляцыі былі з каментатарствам Максіма Крыгіна, пасля кожнай гульні ў прамым эфіры былі бліц-апытанні лепшых ігракоў матча, вынікі сустрэч аператыўна размяшчаліся на сайце і ў сацыяльных сетках.

«Імкнуліся зрабіць усё на добрым узроўні, – адзначае Эдуард Крыгін. – Як бы там не было, сучасныя тэхналогіі – гэта вялікі плюс. Так, дзетвара бегала, змагалася на футбольным полі – а ў інтэрнэце за гульнямі назіралі бацькі, знаёмыя, настаўнікі. Да 500 праглядаў дасягала. Мы хацелі, каб была своеасаблівая гульня ў гульні, каб дзеці адчувалі сябе маленькімі футбольнымі зорачкамі. І, здаецца, гэта мы змаглі зрабіць» «Бой двароў» стаў своеасаблівым працягам Лігі. Праўда, тут ужо ўдзельнічала 17 каманд (8-10 год, 11-13 год, 14-17 год, 18+). Зранку і да позняга вечара ішлі футбольныя баталіі. Колькі эмоцый было ў спаборніцтвах самых юных футбалістаў, у некага гэта быў футбольны дэбют, другія ж ужо, нягледзячы на юны ўзрост, даволі ўмела ўпраўляліся з мячом, перамогу тут святкавала каманда «Брыкет-Юні». «Фенікс» і «Тарнада» перамаглі ў сваіх узроставых групах. Чатыры каманды –«Шуміліна-1», «Шуміліна-2»,

«Юнайтэд» і «Алмаз» – удзельнічалі ў дарослым турніры.

І тут ухвальных слоў заслугоўвае маладзёжная каманда «Алмаз», якая не толькі змагла супрацьстаяць вопытным футбалістам, а і выйграць турнір. А завяршыўся ён традыцыйна: пасля ўзнагароджання для ўсіх удзельнікаў вынеслі торт у выглядзе футбольнага поля.

«Бой двароў» прайшоў у сёмы раз. Турнір стаў любімым для хлопчыкаў з усіх мікрараёнаў Шуміліна. Важна і тое, што некаторыя ідуць у прафесійны футбол. Так, Ягор Крыгін зараз гуляе ў 2-й лізе чэмпіянату Беларусі па футболе за талачынскую «Ніву», Максім Прусакоў – галкіпер каманды U-17 наваполацкага «Нафтана» (Максіма прызналі лепшым галкіперам «Бою двароў»), Цімафей Собалеў вучыцца ў Акадэміі ФК «Віцебск» (з 25 мячамі стаў лепшым бамбардзірам Лігі). Упэўнена можна сказаць, што ў Назара Алёшкіна, Ігара Піскуна, Уладзіслава Тупікава і Андрэя Корзуна, якія атрымалі персанальныя статуэткі двух тур-ніраў, таксама ёсць футбольная будучыня.

Аляксей Цімафееў:
– Як толькі з’явілася наша грамадская арганізацыя «Пагранічнікі Шуміліна», я адразу прапанаваў членам арганіза-цыі ўзяць шэфства над летнімі турнірамі па дваровым футболе. Усе выказаліся «за». Аднадумцаў знайшлі і ў раённай арганізацыі «Беларускага саюза ваенных маракоў». На мой погляд, гэта цудоўная рэклама як нашых грамадскіх аб’яднанняў, так і службы ў арміі ў цэлым.

Алег Іваноў:
– Вельмі добрыя спаборніцтвы. На Лізе быў суддзёй. У адзін з дзён не змог прыйсці на пляцоўку, у інтэрнэце глядзеў. Каментатар Максім Крыгін прапанаваў у «Баі двароў» паўдзельнічаць і дарослым камандам. Кінуў кліч – і мяне падтрымалі. Але з пустымі рукамі ісці на турнір было няёмка, таму мы набылі новыя сеткі на футбольныя вароты. Мы проста гулялі ў сваё задавальненне. Рады за пераможцаў, «Алмаз» – вельмі добрая каманда.

Аляксандр Саўчанка:
– У турнірах удзельнічаў мой сын Арсеній. Ён сам сабраў сваю каманду на Лігу, а на «Бой двароў» прыйшоў з сябрамі-валейбалістамі. Згулялі няблага. У Лізе занялі ў сваім узросце другое месца. Як былы футбаліст скажу: такія турніры павінны быць, бо дзеці ў іх вельмі зацікаўлены.

Сяргей Сахончык:
– Цудоўныя турніры. І з кожным годам арганізатары бяруць новыя вяршыні. Сёлета адны прамыя трансляцыі з каментатарствам дарагога каштуюць. У турнірах бралі ўдзел «Форвард-Юні» і «Форвард», якія я трэнірую. Хлопцы, можна сказаць, мяне проста паставілі перад фактам, што ўдзельнічаюць. Канечне, поўнасцю падтрымаў іх. Пасля такіх турніраў прыходзіць цвёрдае ўсведамленне, што ў Шуміліне ёсць футбол і ў яго ёсць добрая будучыня.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *