Победителем районной «Зарницы» стала команда Ловжанской СШ

Молодёжь Образование

Команда Ловжанской детский сад-средней школы

Лаўжанцы па-за канкурэнцыяй
11 мая на гарадскім стадыёне прайшла ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”, у якой за перамогу змагаліся 10 каманд са школ раёна. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі раённы аддзел адукацыі, аддзел па справах моладзі райвыканкама, аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, раённы ваенны камісарыят, райкам ГА БРСМ і ФСК “Здароўе”.
На ўрачыстым адкрыцці “Зарніцы” в. а. першага сакратара райкама ГА БРСМ Андрэй Пахамовіч адзначыў, што сёлетняя гульня прысвечана 10-годдзю ўтварэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
“Зарніца” мае выключнае значэнне ў патрыятычным выхаванні моладзі”, — зазначыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава. Справядлівай барацьбы і спартыўных поспехаў пажадаў удзельнікам фэсту начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. У. Каржуеў.
І вось ужо гатовы да стартаў усе каманды: пастаянныя ўдзельнікі «Зарніцы» (Башнёўская школа, СШ №1, Обальская СШ) абмяркоўваюць этапы гульні. Упэўненыя ў сваіх сілах трохразовыя пераможцы раённай “Зарніцы” і пераможцы мінулагодняй абласной спартсмены з Лаўжанскай школы, ды і астатнія каманды добра падрыхтаваліся і гатовы пазмагацца за перамогу.
Галоўны этап на “Зарніцы” – ваенізаваная паласа: эстафета, “мышалоўка”, перанос пацярпелага, стральба з пнеўматычнай зброі, купіны і лабірынт. Тут неабходны не толькі спартыўныя навыкі і ўменні, а і ўзаемадапамога.  Лепш за ўсіх на паласе паказала сябе Лаўжанская СШ, другой стала Мікіціхінская СШ, трэцяй – раённая гімназія.
Бескампрамісна прайшлі спаборніцтвы па кіданні гранаты. Першае месца ў каманды Лаўжанскай СШ, другое – раённай гімназіі, трэцяе – у Кардонскай школы.
Штогод  удасканальваецца падрыхтоўка каманд да конкурсу песні і строю. Гэта адзначыў прадстаўнік райваенкамата маёр Юрый Бабічаў, які судзіў гэты этап практычна на ўсіх раённых “Зарніцах”. Першае месца было аддадзена Лаўжанскай школе, другое – раённай гімназіі, трэцяе – Мішкавіцкай школе.
Лепшы баявы лісток у Лаўжанскай школе, другое месца падзялілі раённая гімназія і Мікіціхінская школа.  У віктарыне “Маладосць. Традыцыі. Будучыня”, прысвечанай 10-годдзю БРСМ, першае месца падзялілі Лаўжанская школа і СШ №2, трэці вынік у Амбросавіцкай школы.
Як бачна, спартыўнай барацьбы не атрымалася. Па-за канкурэнцыяй была каманда Лаўжанскай школы (капітан Юрый Гоманаў), якая выйграла ўсе конкурсы “Зарніцы”. Другое месца ў раённай гімназіі (Вадзім Цітоў), трэцяе – у Мікіціхінскай школы (Эдуард Котаў).
Так што гонар нашага раёна на абласной “Зарніцы” зноў будзе абараняць Лаўжанская школа. Мы шчыра зычым лаўжанцам паўтарыць мінулагодні поспех.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №39 ад 18.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *