Святы – гэта перш за ўсё сямейны час
Пакуль народ адпачываў, зацікаўленыя службы выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Падчас рэалізацыі прафілактычнага мерапрыемства «Сям’я без насілля» ў аграгарадок Мікіціха выехала рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі РАУС, камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра, а таксама карэспандэнт газеты «Герой працы».
Мэта – праверыць умовы жыцця дзяцей у сем’ях, якія знаходзяцца ў полі зроку органаў прафілактыкі.
«Мы правяраем, у якіх умовах жывуць дзеці, ці ёсць у іх усё неабходнае для вучобы і адпачынку, – адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Юлія Уласевіч. – Часам дастаткова простай размовы з бацькамі, каб яны пераасэнсавалі сваю адказнасць. У больш складаных выпадках арганізоўваецца сумесная работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі на працягу пэўнага часу».
Рабочая група не абмяжоўваецца кантролем. Спецыялісты даюць кансультацыі па выхаванні дзяцей, дапамагаюць у вырашэнні пытанняў і, зразумела, правяраюць факты злоўжывання алкаголем і наяўнасці супрацьзаконных дзеянняў. «Гэта сістэмная праца, – падкрэслівае Юлія Уласевіч. – Аднаго рэйду недастаткова. Па кожнай сям’і мы прымаем рашэнне аб далейшым суправаджэнні. Рэйд «Сям’я без насілля» – гэта не каральная мера, а спосаб папярэдзіць бяду. Сутнасць такіх мерапрыемстваў – у пошуку ўзаемаразумення з бацькамі і абароне інтарэсаў дзяцей».
Варта адзначыць, што рэйд быў арганізаваны менавіта ў калядны перыяд. Святы – гэта перш за ўсё сямейны час, калі дзеці асабліва патрабуюць увагі, цяпла і бяспекі. Галоўны вынік рэйду – у шасці наведаных сем’ях усё ў парадку.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


