Армія пачынаецца з ваенкамата
У падпалкоўніка Андрэя Міхайлавіча СОБІНА сёлета спаўняецца дзесяць год, як ён узначальвае адасобленую групу Шумілінскага раёна ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. З гэтай нагоды мы сустрэліся і паразмаўлялі з ім пра жыццё, службу і мужчынскія мары.
Андрэй Собін родам з Расон, пасля школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзе і закончыў ваенную кафедру. «У юнацтве не думаў, што выберу прафесійную афіцэрскую сцежку, – расказвае Андрэй Міхайлавіч. – Але лёс заўсёды расстаўляе кропкі над і. Пасля заканчэння ўніверсітэта тры гады працаваў у службе галоўнага канструктара на віцебскім тэлезаводзе «Віцязь». Згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі афіцэраў запасу прызвалі на вайсковую службу. І гэта поўнасцю змяніла маё жыццё».
Лейтэнант Собін абірае вайсковую часць радыёэлектроннай разведкі ў прыгарадзе Віцебска, каб быць побач з сям’ёй (на той момант у яго нарадзілася дачка Оля). Дзесьці пасля паўгода службы зразумеў, што армія – яго прызванне. Пасля старшага лейтэнанта Собіна перавялі ў Валожын у галаўную часць, дзе ён адслужыў паўтара года. Служба падабалася, але цягнула дадому на Віцебшчыну. Таму прапанову стаць намеснікам ваеннага камісара ў Расонах Андрэй Собін успрыняў на ўра, і ў 2005 годзе вярнуўся на радзіму. Праз 5 год стаў ваенным камісарам Расонскага раёна.
Кар’ера ішла добра, але ж сям’я жыла ў Віцебску, падрастаў сын. «Калі ў 2015 годзе адбылася рэарганізацыя ваенных камісарыятаў і ў Шуміліне з’явілася месца, сам сюды папрасіўся, – прызнаўся Андрэй Міхайлавіч. – Бо мог кожны дзень ездзіць на службу і быць з сям’ёй».
Адасобленая група ваеннага камісарыята – той жа самы ваенкамат, толькі крыху менш ускладзеных задач. Гэта і мерапрыемствы прызыву, і пастаноўка на ўлік ваеннаабавязаных, і патрыятычнае выхаванне моладзі, і вучэбныя заняткі з ваеннаслужачымі запасу. За гады службы ў Шуміліне ім было арганізавана 18 мерапрыемстваў прызыву, падчас кожнага на тэрміновую вайсковую службу накіроўвалі служыць каля 30 юнакоў. Большасць шумілінскіх прызыўнікоў адпраўляліся ў вайсковую часць у Заслонаве, 103-ю гвардзейскую паветра-дэсантную дывізію ў Віцебску, пагранічныя войскі і ў вучэбную часць у Пячах. «Служылі шумілінцы і ў так званых элітных падраздзяленнях, – працягвае начальнік адасобленай групы. – Адзін служыў у роце інфармацыйных тэхналогій, трое – у роце ганаровай варты, чацвёра – у спецназе ў Мар’інай Горцы».
Андрэй Собін – актывіст раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў», часты госць у школах, дзе праводзіць сустрэчы і ўрокі мужнасці. Падпалкоўнік умее зацікавіць моладзь, вынік прафарыентацыйных сустрэч – штогод 1-2 выпускнікі паступаюць у Ваенную акадэмію ці на ваенныя факультэты ВНУ.
Слова – ваеннаму камісару Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэю САВІЧУ: Мы з Андрэем Міхайлавічам цёзкі, таму, відаць, і служыцца нам разам лёгка (ўсміхаецца). А калі сур’ёзна, Андрэй Собін – сапраўдны афіцэр і патрыёт. Чалавек справы, са сваім пунктам гледжання і цвёрдым абгрунтаваннем сваёй пазіцыі і бачання. Спакойны і ўзважаны, ніколі не прымае неабдуманых рашэнняў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

