В День семьи в Шумилинском ГДК приветствовали опекунские и приёмные семьи

Актуалии Общество

“Пусть мама меня непременно найдёт!”
Знарок не стаў перакладаць словы вядомай дзіцячай песні. Такі варыянт палічыў больш прымальным: па-першае, словы на рускі “капыл” ведае кожны малыш, а яшчэ — яны найлепш пераказваюць змест святочнай дзеі, якую наладзілі ў ГДК у Шуміліне для апякунскіх і прыёмных сямей.
Чаму арганізатары свята спыніліся менавіта на сем’ях такой катэгорыі? Бо менавіта яны —  вельмі далікатны “матэрыял”, які патрабуе да сябе пільнай увагі. Увагу ў дзень 15 мая ім аказалі самую прыстойную і ўсцешаную. І перш за ўсё дзякуючы ініцыятыве раённага савета Беларускага саюза жанчын і пры спонсарскай падтрымцы аддзялення Фонду міру.
Праўда, увагі такія сем’і (ды і ўсе без выключэння) патрабуюць не толькі ў святочны дзень — паўсядзённа і  нястомна. І перш за ўсё таму, што менавіта ад сям’і бярэ вытокі ўсё ў чалавеку. У сям’і кожны з нас пачынаўся як чалавек і, не пабаюся такога слова, як грамадзянін.
На прачулыя і кранальныя разважанні выйшла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, выступаючы перад  “сямейнай” аўдыторыяй.  “Свята сям’і для кожнага з нас, бадай, самае важнае, — зазначыла Ірына Мікалаеўна. — Без сям’і не можа нармальна развівацца ніводнае дзіця.  Таму і сабралі сёння ў зале тых бацькоў, якія  даюць сямейную ўтульнасць чужым дзецям, дзеляцца з імі мацярынскай любоўю, пяшчотай…”.
Кожнай запрошанай на свята сям’і ўручаўся ручнік — як сімвал непарыўнай повязі пакаленняў. Ручнікі былі асвячоны ў царкве. “Сям’я — саюз ад Бога, — сказаў благачынны праваслаўных цэркваў Шумілінскага благачыння Фёдар Пучынскі. — Любоў і сям’я — вось тыя рэчы, якія робяць любога з нас шчаслівым чалавекам. Па-сапраўднаму святы ўчынак  тых, хто вяртае дзіцяці — божаму анёлу — сямейны ачаг. Ад сям’і ў чалавеку і міласэрнасць, і дабрата, і чысціня намераў, і пачуццё любові да Радзімы…”.
На сцэну запрашаюцца начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў і дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра  С. В. Бельчыкава. Гутарка ідзе пра ўсё, што цікавіць аўдыторыю: пра тое, якімі павінны быць бацькі ў апякунскіх сем’ях,  пра адносіны спонсараў да патрэб сацыяльнага прытулку ў Обалі, пра дамы сямейнага тыпу (дарэчы, адзін з іх пабудаваны ў Шуміліне і туды неўзабаве заедзе сям’я, у якой будзе выхоўвацца дзесяць дзяцей).
На сцэне сям’я Бяляевых з Обалі. Пасля кароткай характарыстыкі, дадзенай вядучымі, маці Вольга Георгіеўна дадае: у сям’і, дзе яна нарадзілася, расло пяцёра дзяцей і яна палічыла за лепшае мець такую ж “гаманлівую” сям’ю. Было трое сваіх, аднак рашыліся ўзяць з Наваполацка Кацюшу, пазней — Таню і, нарэшце, Ілону. Таня — дзяўчына вясковая, яна ўжо вучыцца ў Віцебску, прыязджае да матулі: і гарод прапалоць, і меншых сясцёр абшыць, памыць бялізну. Ёсць у сям’і дача, і бягуць туды дзяўчаткі ахвотна. І адпачыць там можна, і папрацаваць.
Каця, якая вучыцца ў Обальскай СШ, прызналася: дапамагаюць ёй у вучобе і тата, і мама. І наогул у обальскай сям’і ёй утульна, цёпла і  весела.
Тэматычная сустрэча “Пры сонейку цёпла, пры мамачцы добра”  прайшла ў цёплай таварыскай атмасферы. Гучалі песні, шанавалася добрае імя матулі, таты — усіх, хто добры і спагадлівы  сэрцам. Хто робіць усё, каб сям’я  была галоўнай святыняй у жыцці кожнага чалавека.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №39 ад 18.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *