Библиобус ждут в деревнях Шумилинского района

Культура Новости

Кніга едзе да чытача

Раніцай у белы мікрааўтобус, які стаіць каля раённай бібліятэкі, вадзіцель Анатоль Нячай і бібліятэкар Таццяна Мядынская загружаюць каробкі з кнігамі – бібліёбус рыхтуецца адправіцца па маршруце Добрына-Пабеда-Цаўі-Крыцкія. Разам з мабільнай бібліятэкай адправіўся і карэспандэнт раённай газеты.

–  У каробкі раскладваем кнігі па тэмах: дэтэктывы, гістарычныя раманы, жаночыя, фантастыка… Тут часопісы: зборнікі анекдотаў і крыжаванак, сад-агарод, паляванне і рыбалка, рукадзелле і іншыя. Кнігі і часопісы любой тэматыцы знаходзяць свайго чытача. Мы ведаем густы большасці пастаянных чытачоў, ведаем, кнігі якіх аўтараў ім больш падабаюцца, якія яны ўжо прычыталі, часам па тэлефоне ўдакладняем, што каму прывезці, – расказвае бібліятэкар. – Гэтая паслуга запатрабаваная ў вяскоўцаў. Мабільная бібліятэка працуе па 15 зацверджаных маршрутах, у картатэцы больш за 600 чытачоў. Перад выездам папярэджваем самых актыўных па тэлефоне, яны перадаюць іншым.

Таццяна Афанасьеўна Мядынская расказала, што сярод чытачоў пераважае старэйшае пакаленне. Моладзь амаль не чытае. Дзіцячыя кнігі хіба толькі летам для гарадскіх унукаў бяруць.

Першы прыпынак каля шматкватэрных дамоў у вёсцы Добрына. Мікрааўтобус пастаянныя чытачы ведаюць – адразу да яго пачалі падыходзіць жанчыны са стопкамі кніг і часопісаў у руках.

–  Мне пра каханне, – кажа першая чытачка. – І суседка вось перадала памяняць, казала, вы ведаеце, што ёй падабаецца.

Бібліятэкар прапаноўвае некалькі кніг жанчыне і пачынае набіраць заказ для суседкі.

–  Гэтую чытала, – адкладвае яна кнігу. – Вазьму гэтую, гэтую і гэтую. Многа набіраць не буду, бо зараз грыбы пайшлі, ды і ў агародзе трэба спраўляцца.

–  А мне гістарычную кнігу дайце. Вельмі «Спартак» спадабаўся. Які быў чалавек…, – кажа другая жанчына. – А муж прасіў часопісаў узяць з крыжаванкамі.

На мотаблоку пад’язджае вясковец:

–  Даўно вас не было. Ужо і памяняліся кнігамі паміж сабой, усё перачыталі. Зараз пастаўлю мотаблок і прынясу кнігі. Ёсць дэтэктывы новыя?

Чытачы здаюць кнігі, бяруць з запасам да наступнага прыезду бібліёбуса. Адна-часова вяскоўцы абменьваюцца мясцовымі навінамі, расказваюць пра грыбныя паходы, дзеляцца агароднымі поспехамі.

Калі наведвальнікі скончыліся, вадзіцель заводзіць машыну і пераязджае на новы прыпынак – на пляцоўку да крамы. Там стаіць яшчэ адзін мабільны пункт – ФАП, у які таксама ёсць наведвальнікі. Чытачы падыходзяць, найбольш актыўныя аматары набіраюць па дзясятку-паўтара кніжак. Кажуць, што паспеюць прачытаць да наступнага прыезду перасоўнай бібліятэкі.

Раптам падыходзіць мужчына ў рабочым адзенні і пытаецца, як запісацца ў бібліятэку. Просіць пачакаць, пакуль сходзіць за пашпартам. У свабодную хвілінку бібліятэкар тэлефануе чытачам, удакладняе, ці прыйдуць яны за кнігамі. Новы чытач вяртаецца з дакументамі, афармляе картачку і бярэ некалькі часопісаў пра паляванне і рыбалку. А бібліятэка накіроўваецца па адрасах, дзе жывуць інваліды і маларухомыя людзі. Сярод чытачоў ёсць старыя людзі, якія захавалі любоў да кніг і працягваюць чытаць і ў шаноўным узросце.

Зноў наш мікрааўтобус накіроўваецца па маршруце. Бібліятэку на колах чакаюць у Пабедзе, Цаўях, Крыцкіх. Па дарозе завозім скрыню з новымі кнігамі ў Мікіціху.

Гляджу ў інтэрнэце, ці ёсць перасоўныя бібліятэкі яшчэ дзе. Ёсць. Расія, Швецыя, Украіна, Фінляндыя – вясковае насельніцтва скарачаецца, і ўтрыманне стацыянарных цэнтраў культуры становіцца немэтазгодным. Вось на дапамогу і прыходзяць мабільныя пункты. Зразумела, хочацца, каб замест старэнькага мікрааўтобуса быў новы, з паліцамі для кніг, са сталом і крэсламі, каб было зручна і чытачам, і бібліятэкарам. А ў тым, што бібліятэка на колах запатрабаваная, няма ніякіх сумненняў. Для жыхароў аддаленых вёсак гэта адзіная магчымасць (ну, акрамя тэлевізара) далучыцца да свету культуры.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *