Накануне Дня учителя в отделе по образованию Шумилинского райисполкома открыли Доску почёта

Главное Образование Общество

Пашана і павага – лепшым

Настаўнік – адна з самых высакародных прафесій. Ён дорыць дзецям жаданне вучыцца, пазнаць новае, невядомае. Для яго лепшая адзнака – поспехі і дасягненні вучняў. Гэта  тое, для чаго ён аддае свае сілы, здароўе, прафесійны вопыт. Педагогі, іншыя работнікі ўстаноў адукацыі аддаюць дзецям часцінку сваёй душы – па-іншаму не можа быць, бо дзеці як ніхто адчуваюць фальш і бязмежна давяраюць.  У Дзень настаўніка вучні ідуць у школу з букетамі кветак, каб павіншаваць сваіх любімых педагогаў са святам, сказаць ім словы падзякі і павагі за свет, якія яны адкрылі для іх. Сфера адукацыі шырокая, яна аб’ядноўвае ўстановы агульнай сярэдняй і дашкольнай, спецыяльнай і дадатковай адукацыі.

На Шуміліншчыне шмат таленавітых педагогаў. Сёлета напярэдадні прафесійнага свята у аддзеле па адукацыі райвыканкама вырашылі адкрыць Дошку гонару, куды штогод будуць заносіцца імёны лепшых настаўнікаў і выхавальнікаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі і бібліятэкараў, сацыяльных педагогаў і псіхолагаў. Усіх іх аб’ядноўвае адданасць сваёй справе, прафесіі, жаданне даць дзецям усё, што ведаюць самі, паказаць усе жыццёвыя шляхі, каб кожны мог выбраць свой.

Кіраваць установай адукацыі – няпростая задача. Кіраўніку трэба трэба праявіць вынаходлівасць і творчасць, каб стварыць годныя ўмовы для плённай працы педагогаў, выхаванцаў і вучняў, вырашыць безліч задач па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі. Таццяна Мікалаеўна ГОЛУБ, якая з 2021 года ўзначальвае Кардонскую сярэднюю школы імя Героя Бела-русі А. І. Дубко, зарэкамендавала сябе менавіта такім творчым, актыўным і ініцыятыўным кіраўніком.

Не абысціся без творчасці і намесніку кіраўніка, які адказвае за арганізацыю навучальнага і выхаваўчага працэсаў, пад-трымку і дапамогу маладым педагогам. З 2007 года працуе намеснікам дырэктара сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна Алена Аляксандраўна КРАСІЦКАЯ – адзін з самых вопытных завучаў, які ўмела кіруе адукацыйным працэсам у школе, працуе на агульную мэту – павышэнне якасці аду-кацыі. Пад кіраўніцтвам намесніка загадчыка Обальскага дзіцячага сада Вольгі Уладзіміраўны КАДУКОВАЙ калектыў сада працуе над фарміраваннем у дзяцей нацыянальнай свядомасці, абуджэннем цікавасці да беларускіх народных традыцый і абрадаў.

Добра ведаюць у раёне прозвішчы настаўнікаў Надзеі Барысаўны БАБАЕВАЙ (матэматыка і інфарматыка, Мішневіцкая базавая школа імя Героя Савецкага Саюза А. С. Расказава), Вольгі Мікалаеўны БЯЛЯЕВАЙ (руская мова і літаратура), Сяргея Яўгенавіча САХОНЧЫКА (гісторыя і грамадазнаўства, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання), Наталлі Станіславаўны ІНЦ(руская мова і літаратура) з СШ №1. Іх вучні дэманструюць поспехі ў прадметных і творчых алімпіядах і конкурсах. Педагогі займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў пытаннях патрыятычнага выхавання вучняў.

Сапраўдныя цуды з дрэва ствараюць выхаванцы педагога дадатковай адукацыі Раённага цэнтра дзяцей і моладзі Юрыя Мікалаевіча ТАНАСІЕНКІ, годна прадстаўляюць раён, становяцца пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў.

Але ж убачыць і раскрыць таленты дзяцей трэба з самага малога ўзросту. І з гэтым спраўляецца выхавальнік дзіцячага сада №3 г. п. Шуміліна Галіна Васільеўна СМІРНОВА, якая заўжды знаходзіць аднадумцаў у кожнай сям’і сваіх выхаванцаў і працуе з дзецьмі разам з бацькамі.

Асабліва чулыя адносіны неабходныя дзецям, якія наведваюць Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Вопытны педагог са шматгадовым стажам Тэрэса Альфонсаўна ФЕДАРОВІЧ, якая працуе ў цэнтры памочнікам выхавальніка, ставіцца да кожнага дзіцяці з душэўным клопатам і любоўю, спрыяе фарміраванню навыкаў самаабслугоўвання, сацыялізацыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Выявіць дзіця ў складанай сітуацыі, падтрымаць яго, пастаянна працаваць з сем’ямі – задача для сацыяльнага педагога. Усе гэтыя няпростыя абавязкі добра выконвае сацыяльны педагог Мікіціхінскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза М. А. Ласкунова Марына Міхайлаўна ВЕРАЦІЛА.

Пад кіраўніцтвам загадчыка Вольгі Ігараўны САРОКІНАЙ бібліятэка СШ № 1 ператварылася ў сапраўдны інфармацыйны цэнтр, куды дзеці ідуць не проста атрымаць неабходную па праграме кніжку ці падручнік, але і папрацаваць на камп’ютары, напісаць рэферат ці даклад, заняцца творчай справай – букфолдынгам.

Дванаццаць прозвішчаў – дванаццаць таленавітых, адданых прафесіяналаў, якія працуюць для дзяцей і дзеля дзяцей, каб яны выраслі разумнымі, выхаванымі, сапраўднымі патрыётамі і грамадзянамі нашай Беларусі. Іх намнога больш, і ў будучым мы даведаемся пра новыя імёны людзей, якія прысвяцілі сябе педагагічнай дзейнасці. Усіх віншуем з Днём настаўніка!

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *