Криминал. Происшествия

Происшествия

Шчупакі
Супрацоўнікі Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету паведамілі ў Шумілінскі РАУС, што на возеры Мошна незаконна злоўлены 16 шчупакоў. Браканьерам аказаўся раней судзімы жыхар Віцебска. Агульны кошт улову і ўрону, які нанесены прыродзе, ацэнены на 5,6 мільёна рублёў. Шумілінскім раённым аддзелам Следчага камітэта па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Грабеж
Са скрынкі, якая стаяла за прылаўкам, жыхар Шуміліна ўкраў бутэльку віна. Пра гэта паведаміла ў міліцыю прадавец  магазіна №6 райспажыўтаварыства на вуліцы Камунальнай. Грабежнік затрыманы.
Швейная машына
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка Віцебска: у яе дачным доме, які знаходзіцца ў вёсцы Новае Барсучына, нехта выбіў аконнае шкло на кухні і пранік у пакой. З хаты знікла электрычная швейная машына і посуд. Узбуджана крымінальная справа.
Марыхуана
З яўкай з павіннай у міліцыю прыйшоў адзін з жыхароў раёна і расказаў, што ў мінулым годзе ён знайшоў месца, дзе раслі каноплі, нарваў іх і высушыў. А потым здрабніў і выкарыстоўваў замест тытуню. Як паказала экспертыза, гэта трава з’яўляецца наркатычным рэчывам – марыхуанай. Але ў міліцыі ўлічылі добраахвотнае прызнанне мужчыны і тое, што ён па аса-бістаму жаданню здаў наркатычныя сродкі, таму крымінальная справа не была ўзбуджана.
Кабель
Пацярпеў жыхар Обалі – у яго ўкралі дваццаць метраў тэлефоннага кабелю, алюмініевыя лісты. Урон ацэнены больш як на шэсцьсот тысяч рублёў. Міліцыянеры высветлілі, што крадзеж здзейсніў раней неаднаразова судзімы мясцовы грамадзянін, яго месца знаходжання ўстанаўліваецца.
Тэлефон
Непрацуючы жыхар в. Прыазёрная знаходзіўся ў гасцях у знаёмых у Шуміліне. Не абышлося без выпіўкі. Госць не толькі добра пачаставаўся, але і прыхапіў з прыхожай мабільны тэлефон гаспадара. З гэтай нагоды пацярпелы і звярнуўся ў міліцыю. Супраць жыхара в. Прыазёрная ўзбуджана крымінальная справа.
Аліменты
Непрацуючая 40-гадовая жыхарка Обалі чатыры гады таму была асуджана судом Чыгуначнага раёна г. Віцебска  да 180 гадзін грамадскіх работ за тое, што не выплачвала аліменты былому мужу на ўтрыманне непаўналетняй дачкі. Аднак сёлета жанчына і зноў не працавала, і зноў запазычыла выплату аліментаў больш як за тры месяцы. На гэты раз супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Злачынствы
Сёлета ў раёне па ўсіх службах РАУС зарэгістравана 89 злачынстваў. Усе цялесныя пашкоджанні (іх тры), два разбоі і адзін грабеж раскрыты.
ДТЗ
За студзень-красавік у раёне зарэгістраваны 3 дарожна-транспартныя здарэнні (летась было 8), у якіх два чалавекі загінулі і пяць атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці.
Па матэрыялах РАУС  падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №40 ад 22.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *