ТУРНІР ПАМЯЦІ АНАТОЛЯ ЗАВАДСКАГА. «Мы не мелі права дрэнна згуляць»

Молодёжь Спорт, туризм

29 верасня-1 кастрычніка ў Шумілінскай СДЮШАР прайшоў традыцыйны міжнародны турнір па валейболе сярод хлопцаў 2008-2009 гадоў нараджэння, прысвечаны памяці трэнера-выкладчыка Анатоля Завадскага. У госці прыехалі калектывы з Віцебска, Гомеля, Мінска, Пскова і Адзінцова (Маскоўская вобласць).

Валейбольны турнір, прысвечаны памяці трэнера-выкладчыка Анатоля Завадскага, – адзін са знакамітых брэндаў Шуміліншчыны.

– Традыцыйна ў верасні Шуміліна прымае юных валейбалістаў на турніры, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. – Турнір прысвячаецца памяці выдатнага трэнера Анатоля Яўгенавіча Завадскага, які зрабіў шумілінскі валейбол вядомым далёка за межамі раёна. Спорт – гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Аб’ядноўвае і беларусаў, і расіян.

Дырэктар Віцебскага абласнога клуба па гульнявых відах спорту Юрый Дзяткоў падарыў шумілінскай спартыўнай школе валейбольны мяч з аўтографамі валейбалістаў каманды «Марка», адзначыўшы, што на мячы ёсць аўтографы і выхаванцаў Шумілінскай СДЮШАР. «Але і свабоднага месца тут шмат – спадзяюся, што праз пэўны час тут будуць і вашы аўтографы», – заўважыў ён.

Усе прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць трэнера А. Я. Завадскага, а капітаны каманд разам з дырэктарам Шумілінскай СДЮШАР Алегам Асташонкам усклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі Анатоля Яўгенавіча. На турніры прысутнічаў сын трэнера – Сяргей.

Першым сапернікам шумілінскай каманды сталі валейбалісты з Віцебска. Сустрэча поўнасцю праходзіла пад дыктоўку нашых землякоў, як вынік – упэўненая перамога. «Шуміліна», выйграўшы першую, злавіла гульнявы кураж. На ім землякі абыгралі Мінск і дзве расійскія каманды. У нашых хлопцаў атрымлівалася ўсё: прыём і падача, абарона і нападзенне.

Апошняя гульня спаборніцтваў «Шуміліна» – «Гомель». Калектывы падышлі да сустрэчы без паражэнняў і ў асабістым супрацьстаянні павінны былі вызначыць пераможцу. Першую партыю ў напружанай барацьбе выйгралі госці, у другой перамогу «вырвалі» шумілінцы, і пасля гэта-га нашу каманду было не стрымаць. Яркаяі прыгожая перамога.

Прызавая тройка турніру выглядае так: першае месца – «Шуміліна» (лепшым іграком каманды прызналі Мікіту Емяльянава), другое – «Гомель», трэцяе – «Мінск». Лепшым іграком турніру стаў Раман Аглушэвіч. Узнагароды юным валейбалістам уручаў старшыня раённай арганізацыі «Саюз ваенных маракоў» Віктар Прыходзька, які таксама ўручыў камандзе-пераможцы цяльняшкі,як сімвал нязломнасці і перамогі.

– Да турніру рыхтаваліся сур’ёзна. У мінулым годзе сталі другімі, нам вельмі хацелася выйграць, – расказаў пасля турніру капітан шумілінскай каманды Раман Аглушэвіч. – Пры такой моцнай падтрымцы балельшчыкаў мы не мелі права дрэн-на згуляць. Самая складаная гульня была фінальная. У Гомеля добрая каманда. Пасля прайгранай партыі змаглі сабрацца, вы-канаць усе ўстаноўкі трэнера і перамагчы.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *