Неделя родительской любви. Больше, чем отец

Семья

Больш, чым тата

На жаль, так здараецца ў жыцці, што бацькам адным прыходзіцца выхоўваць дзіця, быць і за маму, і за тату. У нашым раёне такія таты таксама ёсць. Напрыклад, Юрый Казанкоў з аграгарадка Светласельскі, які амаль чатыры гады адзін выхоўвае сына Назара. Калі мы прапанавалі яму сустрэцца для размовы, ён адразу адказаў: «Параюся з сынам, калі ён дасць згоду, то будзем фатаграфавацца».

Дзесяцігадовы Назар згадзіўся. Больш таго, хлопчык пры сустрэчы адразу зазначыў: «Мой тата самы лепшы! Ён мой сябар!».

Перажыць страту жонкі ў свой час дапамаглі родныя і работа. А яшчэ сябры, дзякуючы якім не сутыкнуўся з дэпрэсіяй, справіўся з трагедыяй. «Пасля смерці жонкі зусім па­іншаму гляджу на жыццё, – кажа Юрый. – Стараюся не рэагаваць на канфлікты і сваркі, бо ўсё гэта – дробязі. Самае галоўнае – здароўе і жыццё дарагіх людзей. Акрыяць, расправіць плечы і пайсці далей па жыцці дапамог сын. Я проста абавязаны выхаваць яго, паставіць на ногі, і гэтае ўсведамленне дае сілы».

Юрый Казанкоў больш, чым тата, ён выконвае і свае абавязкі па дому, і жаночыя. З дзяцінства ўмее гатаваць, таму спраўляцца на кухні кожны дзень мужчыну няцяжка. Юрый удзячны сваім бацькам, якія прывучылі вырашаць многія бытавыя праблемы – гэта вельмі спатрэбілася. У многім бацькі дапамагаюць і сёння, яны, як кажуць, заўсёды на падхваце. Цёплыя адносіны і з сястрой, і з пляменнікам, да якіх з Назарам часта ходзяць у госці.

Увогуле Юрый з сынам заўсёды разам: ходзяць на вячэрнія прагулкі, ездзяць на рыбалку, смажаць бульбу “фры”, глядзяць фільмы, вырашаюць праблемы.

Узаемаадносіны з сынам бацька стараецца будаваць на даверы. Юрый прывык не звяртаць увагі на дробязі, а вось спытаць у сына, як прайшоў дзень, што новага ў школе – гэта абавязкова. І няважна, калі змарыўся на рабоце (Юрый працуе зваршчыкам), калі сёння настрой не вельмі, заўсёды спяшаецца дадому, бо там чакае яго радасць, надзея і суцяшэнне – сын Назар.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *