И в Шумилинском районе растёт сладкий виноград, если за дело берётся мастер

Мир увлечений Сельское хозяйство Семья

Вінаграду добра на Шуміліншчыне
На прысядзібным участку Міхаіла Пятровіча і Ларысы Фёдараўны Юшчанкаў з вёскі Пушча размясціўся сапраўдны куточак поўдня: у сваім вінаградніку гаспадары вырошчваюць 29 сартоў вінаграду.  Ён усюды – у парніках і на вуліцы.
Пра свой любімы занятак – вырошчванне вінаграду – Міхаіл Пятровіч можа гаварыць бясконца.  Вінаград навучыўся вырошчваць самастойна: па кніжках, па тэлеперадачах, па інфармацыі з інтэрнэту. Як знаўца сваёй справы, мужчына зрабіў для нас экскурсію па сваіх вінаградных плантацыях. Вінаградная лаза расце ў двух вялікіх парніках у тры рады, на ёй – вялікія гронкі: яны ажно нагнуліся пад цяжарам светла-зялёных, ружовых, цёмна-сініх і чорных ягад.  Яны  ўсе розныя па смаку.
Пытаюся ў Міхаіла Пятровіча, якому гатунку ён аддае перавагу. “Кожны сорт па-свойму ўнікальны, – кажа мужчына. – Мне падабаюцца гатункі “нізіна” і “цімур”. Вельмі смачны сорт “аркадзія” і “агат данскі”.
М. П. Юшчанка расказаў, што задумка вырошчваць ягады ў яго была даўно, а ўшчыльную заняўся гэтай справай гадоў сем таму.
Міхаіл Пятровіч расказаў, што вінаграду патрабуецца пастаянны догляд. “У вышыню вінаградная лаза павінна быць дзесьці паўтара метра, – кажа мужчына. – Задача вінаградараў –  вырасціць не лазу, а буйныя ягады. Таму трэба рэгулярна падразаць вецце. Ад агульнага ствала на зіму пакідаю чатыры галінкі, на кожнай з якіх – па восем пупышак. Спецыялісты рэкамендуюць не шкадаваць абразаць лазу. Калі не зробіш гэта, ягады будуць дробныя”.
М. П. Юшчанка не прымяняе хімікаты, апырсквае вінаградную лазу растворам звычайнага попелу (тры шклянкі на вядро вады). Ад вос, якія любяць паласавацца салодкімі ягадамі, на ўваходзе ў парнік развешвае галінкі мяты, яе пах насякомыя не любяць.
Сям’я Юшчанкаў частуе вінаградам сяброў і родных, сушыць на разынкі, робіць кампоты і дамашняе віно. Практычна ўсё лета і восень самі ласуюцца вінаградам. Мы папрасілі Міхаіла Пятровіча парэкамендаваць чытачам раённай газеты, якія гатункі вінаграду можна вырасціць у нашых кліматычных умовах у адкрытым грунце. “Лепш за ўсё “запарожскі”, “касманаўт”, “агат данскі”, “рузбол”, – параіў вінаградар.
Надрукавана ў № 74 ад 22. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *