Прыгажосць, народжаная працай
У раёне падвялі вынікі традыцыйнага штогадовага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан сельскіх населеных пунктаў. У самай прыгожай намінацыі – «Дом узорнага парадку» – вызначаны пяць пераможцаў: Анатоль і Раіса Шкурко (аг. Амбросавічы), Юрый і Людміла Кузаўковы (в. Лялюгі), Ірына Сямёнава і Аляксандр Іваноў (в. ЗаФобаль), Юрый і Святлана Сідаравы (в. Мікалаева), Надзея Берастнева (в. Лажок). Кветнікі, акуратныя агароджы і ідэальны парадак – менавіта так выглядаюць сядзібы гэтых гаспадароў, якія ўклалі шмат працы, фантазіі і любові.
Месца для адпачынку
Паўтара дзясятка гадоў Юрый і Людміла Кузаўковы з Шуміліна напаўняюць новым жыццём бабулін дом у вёсцы Лялюгі. Дом ператварыўся ў куток адпачынку, дзе кожная дэталь зроблена з любоўю.

Новыя вокны, электраацяпленне… Усё для камфорту. Аднак асаблівы гонар гаспадароў – добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі. На падворку з’явілася прасторная альтанка, стол і лаўкі. Побач пад навесам стаяць зручныя крэслы. Гэта любімае месца Юрыя і Людмілы, дзе так прыемна пачаць дзень і выпіць кубачак духмянай кавы.
Сядзібу вакол акружаюць фарбы кветак. З вясны да позняй восені вока радуюць петуніі, бягоніі, пышныя гартэнзіі і рознакаляровыя астры. А каб сустрэчы з роднымі і сябрамі былі больш смачнымі і дамашнімі, гаспадары змайстравалі мангал.
Дом у Лялюгах для Кузаўковых – гэта не проста дача, гэта месца сілы, дзе шануюць карані, паважаюць працу і ўмеюць ствараць прыгажосць вакол сябе.
Мастакі ў душы
Вяскоўцы ў Мікалаеве ў адзін голас кажуць: Юрый і Святлана Сідаравы – мастакі ў душы. Абодва кожную вольную хвіліну выкарыстоўваюць для стварэння прыгажосці на падворку.
Гаспадар сядзібы Юрый Генадзьевіч з дрэва і розных падручных матэрыялаў стварае адмысловыя дэкаратыўныя фігуры. Дзякуючы яго фантазіі і залатым рукам, на тэрыторыі пасяліліся казачныя грыбы, зайцы, мядзведзі, лебедзі і буслы. А нядаўна на падворку з’явілася кампазіцыя, якая адразу прыцягвае ўвагу і выклікае ўсмешку: два мядзведзі, адзін трымае ў лапах балалайку, другі – гармонік.

Кожную вясну Юрый Генадзьевіч старанна рыхтуе клумбы. Потым за справу бярэцца Святлана Васільеўна. Гаспадыня з любоўю высаджвае аксаміткі, астры, ружы і іншыя кветкі. У бліжэйшых планах творчага сямейнага тандэма – набыць для развядзення некалькі новых сартоў гартэнзій. Сідаравы ўпэўнены: калі чалавек укладвае ў любімую справу душу, шэрыя будні ператвараюцца ў свята.
Кветкавы рай на бацькоўскай сядзібе
Каля падворка Надзеі Васільеўны Берастневай у вёсцы Лажок часта прыпыняюцца аўтамабілі, праезжыя дастаюць тэлефоны, каб зрабіць фота на памяць. Прычына такой увагі простая – прыгожыя кветнікі і арыгінальныя малыя архітэктурныя формы, якія ператварылі звычайную вясковую сядзібу ў сапраўдную казку.
Творчы талент Надзеі Берастневай раскрыўся на бацькоўскай сядзібе.

Галоўны гонар гаспадыні – кветкі. Падворак патанае ў фарбах: тут дружна цвітуць астры, петуніі, духмяныя флёксы, вяргіні і раскошныя ружы. Суседзі зазначаюць, што Надзея Васільеўна валодае асаблівым дарам – яна ўмее звычайны стары пень ператварыць у элемент мастацтва. На сухім ствале аднаго з дрэў на падворку гаспадыня прымайстравала з дзясятак вазонаў з яркімі петуніямі, стварыўшы жывую квяцістую калону. Гарманічна дапаўняюць кветкавы рай малыя архітэктурныя формы. Каля хаты «пасялілася» адразу восем буслоў, а побач з імі размясціліся чаплі.
На наступны год Надзея Васільеўна марыць узвесці на падворку альтанку, на дапамогу маці прыйдуць двое сыноў, якія заўсёды падтрымліваюць яе творчыя ідэі.
Прыгажосць аб’ядноўвае пакаленні
Дом Анатоля і Раісы Шкурко – адна з самых дагледжаных і ўтульных сядзіб у аграгарадку Амбросавічы.

Гонар гаспадароў – прыгожая альтанка, якая стала любімым месцам для сямейных сустрэч. Гэта вынік сумеснай мужчынскай працы: стол і лаўкі са спінкамі зроблены рукамі гаспадара Анатоля Іванавіча, надзейнымі памочнікамі ў будаўніцтве былі сын Дзяніс і зяць Вадзім. Тратуарныя дарожкі да самага дома – таксама работа мужчын.
На падворку многа кветак. Кветкавы марафон у канцы красавіка адкрываюць незабудкі, потым свежасць вясны падхопліваюць яркія цюльпаны, якіх у гаспадароў налічваецца каля сотні. Затым надыходзіць час півоняў – іх каля дзесяці гатункаў, сярод якіх ёсць рэдкія жоўтыя. Даглядаць усю гэту прыгажосць няпроста, але ў Раісы Міхайлаўны ёсць памочніцы – дачка Святлана і нявестка Алена. Дзякуючы іх намаганням зараз радуюць вока пышныя вяргіні, астры, ружы, хрызантэмы і гартэнзіі.
Сядзіба сям’і Шкурко – прыклад таго, як сумесная праца бацькоў і дзяцей здольная ператварыць падворак у сапраўдны аазіс.
«Кветкі –маё захапленне»
Прыклад працавітасці і гаспадарлівасці дэманструюць жыхары вёскі Заобаль Ірына Веніямінаўна Сямёнава і яе муж Аляксандр Віктаравіч Іваноў. Яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але не сядзяць склаўшы рукі, бо ўсё жыццё шчыравалі на карысць роднага краю, працавалі ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве.

Сёння іх прыдамавая тэрыторыя выглядае ідэальна: роўны зялёны газон, падстрыжаныя туі, дагледжаныя клумбы і прадуманы дызайн.
– Кветкі – маё захапленне, – з усмешкай кажа гаспадыня. – Вельмі люблю ружы, гартэнзіі, калы, астры. Ружы я не проста вырошчваю, а самастойна чаранкую, люблю назіраць, як з маленькага парастка нараджаецца сапраўдная прыгажосць. А догляд за парадкам на тэрыторыі і ўтрыманне яе ў бездакорным стане – гэта клопат мужа. Ён з трымерам не расстаецца ўсё лета, сочыць каб газон быў стрыжаны акуратна і своечасова.
Глядзіш на гэты падворак і разумееш: прыгажосць на зямлі ствараецца працавітымі рукамі і шчырай любоўю да свайго дома.

