
Таямніца шарыкаў на дубе
Нядаўна ў рэдакцыю зазірнула жыхарка Шуміліна і прынесла дубовую галінку з круглымі «арэшкамі». Наш даўні чытач з вёскі Бараноўскія Пётр Варкулевіч папрасіў разабрацца, што гэта за нарасты і ці варта іх баяцца.
Разабраліся. Гэтыя шарыкі на дубовых лістах – галы, своеасаблівыя «домікі», якія ўтвараюцца з тканіны расліны пад уздзеяннем насякомых. На дубе іх выклікае дубовая арэхатворка – маленькая аса. Самка праколвае ліст, адкладае яйка, а лічынка выдзяляе рэчывы, якія прымушаюць ліст разрастацца. Так з’яўляецца гал, усярэдзіне якога насякомае праходзіць увесь цыкл развіцця. Увосень ліст з галам падае, а ў канцы кастрычніка арэхатворка прагрызае сценку і выбіраецца вонкі.
Даўней такія галы называлі «чарнільнымі арэшкамі» – з іх рабілі трывалае чарніла.
Небяспекі для дарослага дуба галы амаль не нясуць – хутчэй касметычны дэфект. Дрэву дастаткова звычайнага догляду: паліў у засуху, угнаенні вясной, мульча. Калі нарастаў нямнога, іх можна проста зняць і знішчыць. Для прафілактыкі ў наступным сезоне дапушчальная апрацоўка інсектыцыдамі ў перыяд распускання лісця – пазней гэта ўжо не дапаможа, таму што галы сфармаваныя.
Алена КАРПУШЭНКА.
