На ТАА «ВЕЖА» – гарачы сезон, кожны дзень напоўнены водарам свежых яблыкаў. Тут актыўна прымаюць ад насельніцтва і аптавікоў ураджай, каб забяспечыць вытворчасць сыравінай на ўвесь год.
Перад калектывам стаіць сур’ёзная задача – прыняць 2,5 тысячы тон яблыкаў. Такі аб’ём сыравіны дазволіць нарыхтаваць каля 1800 тон высакаякаснага натуральнага соку. Работа ідзе ў тэмпе – на сённяшні дзень на вытворчасць паступіла больш за тысячу тон.
Па словах дырэктара прадпрыемства Святланы Мікалайчык, шумілінцы вязффуць ураджай вельмі актыўна, бо сёлета яблыкі ўрадзілі. Па якасці плады добрыя, больш салодкія, што станоўча паўплывае на смак будучай прадукцыі.
Прадукцыю на прадпрыемства дастаўляюць і аптовыя нарыхтоўшчыкі з іншых рэгіёнаў Віцебшчыны. Геаграфія паставак шырокая: машыны ідуць з Гарадка, Глыбокага, Лепеля, Сянно. У агульнай колькасці за дзень «ВЕЖА» прымае ад 80 да 100 тон яблыкаў.
Каб справіцца з нагрузкай і забяспечыць бесперабойны прыём садавіны, прадпрыемства дадаткова на сезон нарыхтовак прыняла на работу 11 рабочых і грузчыкаў.
Вынікам сезона нарыхтовак стане папаўненне папулярнай лінейкі безалкагольных сідраў, якія карыстаюцца попытам у пакупнікоў як нашай краіны, так і Расійскай Федэрацыі. Сярод апошніх навінак – безалкагольны сідр са смакам вішні з вострымі прыправамі. Салодкія шумілінскія яблыкі ў спалучэнні з вішнёвымі нотамі абяцаюць стаць хітом сезона.
Яблыкі «ВЕЖА» будзе прымаць да канца верасня.
Ларыса ЗАЙЦАВА

