12 сентября — День сотрудника органов предварительного следствия

Главное Закон Новости Общество


«Наша задача – устанавіць ісціну»
12 верасня 2011 года быў падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 409
«Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь». У гэты дзень у Беларусі адзначаецца Дзень супрацоўніка органаў папярэдняга следства – прафесійнае свята тых, хто ажыццяўляе дасудовую крымінальную вытворчасць.
У Шумілінскім раёне функцыі па ўсебаковым, аб’ектыўным і аператыўным расследаванні злачынстваў ускладзены на Шумілінскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, узначальвае які падпалкоўнік юстыцыі Яўген Іваноў. Са студзеня 2026 года пасаду намесніка начальніка – начальніка следчага аддзялення займае падпалкоўнік юстыцыі Ігар Самуйлаў. Напярэдадні святочнай даты мы сустрэліся з Ігарам Аляксандравічам, каб пагаварыць пра яго шлях у прафесію і прафесійныя будні шумілінскіх следчых.


? Ігар Аляксандравіч, як пачынаўся ваш прафесійны шлях?

– Нарадзіўся ў Шклове, у мнагадзетнай сям’і, дзе было трое сыноў. Пасля школы пайшоў у армію, служыў у Мінску. Будучы салдатам, здаў цэнтралізаванае тэсціраванне і паступіў у Акадэмію МУС. Там сустрэў Таццяну, у якую закахаўся і з якой ажаніўся на пятым курсе.
На практыку паехаў у Віцебск – на радзіму жонкі. Мяне добра прынялі ў Віцебскім гарадскім аддзеле Следчага камітэта, там я праслужыў 7 гадоў. Потым мяне перавялі ва ўпраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, дзе я працаваў следчым аддзела па расследаванні асабліва важных злачынстваў. У студзені 2026 года мяне прызначылі на пасаду намесніка начальніка Шумілінскага раённага аддзела.

? Як спалучаеце напружаную працу з сямейнымі абавязкамі?

– Галоўная радасць у нашым доме – дачка Ксюша. Яна вельмі актыўная, займаецца тхэквандо, любіць бегаць. Усёй сям’ёй мы ўдзельнічалі ў Славянскім забегу і ў Мінскім паўмарафоне: дачка прабегла 500 метраў, а мы з жонкай – 5 кіламетраў. У складзе зборнай упраўлення Следчага камітэта ўдзельнічаю ў чэмпіянатах рознага ўзроўню па міні-футболе. Жонка Таццяна працуе старшым экспертам у Віцебскім міжраённым аддзеле судовых экспертыз. Яна разумее спецыфіку маёй працы, і гэта вельмі дапамагае.

? Як вы ацэньваеце работу Шумілінскага райааддзела?

– Наш невялікі калектыў – сапраўдная каманда. Тут служаць старшыя следчыя Андрэй Селязнёў, Снежана Карпава і Аксана Аглушэвіч, якая па выніках 2025 года была прызнана лепшым следчым Віцебскай вобласці, следчыя Людміла Данілава і Вікторыя Лядзінская, малады следчы Ганна Багданава. Выдатныя у нас і інспектары – Антон Сілін і Святлана Багданава.А пра вынікі сведчаць лічбы. За 8 месяцаў закончана вытворчасць 51 справы. Кампенсацыя нанесенай шкоды склала амаль 99%. Гэта добры вынік работы, агульная заслуга, якой мы па праву ганарымся.

? Што, на ваш погляд, самае галоўнае ў рабоце следчага?

– Галоўнае – жаданне працаваць і пастаянна вучыцца. Заканадаўства мяняецца, тэхналогіі развіваюцца, колькасць кіберзлачынстваў расце з кожным годам. Следчы абавязаны ведаць сучасныя алгарытмы расследавання, каб не спазніцца з выманнем лічбавых слядоў. Але без вытрымкі, уважлівасці і ўнутранай адказнасці за лёс кожнай справы таксама нікуды. У нашу сферу дзейнасці не прыходзяць проста так – прыходзяць служыць закону, каб устанавіць ісціну і аднавіць справядлівасць.

? Што вам хочацца пажадаць калегам з нагоды прафесійнага свята?

– Дзякую ўсім супрацоўнікам за прафесіяналізм, вернасць абавязку і самаахвярнасць, жадаю мудрасці і вытрымкі ў нялёгкім і вельмі адказным служэнні на карысць Айчыны. Здароўя, сямейнага дабрабыту, кар’ернага росту і больш пазітыву.

– Дзякуй за размову.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *