З 1 студзеня 2016 года ўсе прадпрымальнікі будуць працаваць у аднолькавых умовах

Новости Тема недели

Лукашэнка заклікае ІП падключацца да мадэрнізацыі айчыннага легпрама
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў мадэрнізаваць лёгкую прамысловасць з дапамогай ІП, у якіх ёсць для гэтага ўсё неабходнае. «Добры ж варыянт — вялікая колькасць прадпрыемстваў гарбарных, абутковых, швейных, па вытворчасці тканін. Там патрэбны і інвестыцыі, і самае галоўнае — мазгі і паваротлівасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Падводзячы пазней вынікі нарады па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, Прэзідэнт заклікаў прадпрымальнікаў пераходзіць на цывілізаваныя формы работы, не чакаючы 1 студзеня 2016 года, калі ўжо нельга будзе прадаваць тавары легпрама без дакументаў, што пацвярджаюць іх набыццё. «Калі мы хочам мець цывілізаваную дзяржаву, мы ўсё роўна прыйдзем да гэтага. Ненармальна, калі ў сумках, сетках, баулах возяць тавар, невядома адкуль і на яго няма дакументаў. Таму рана ці позна ўсё роўна да гэтага прыйдзем. Пачынайце цяпер гэта рабіць, не чакайце да 1 студзеня», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прадпрымальнікаў.
«Перспектыва адна. Хочаце быць бізнесменамі — пераходзьце на нармальны стыль работы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што падтрымку малому і сярэдняму бізнесу гатовы аказаць Банк развіцця, дамоўленасці ў гэтым напрамку дасягнуты і з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, Сусветным банкам. Аляксандр Лукашэнка заклікаў прадпрымальнікаў аб’яднацца і ствараць малыя і сярэднія прадпрыемствы, якія будуць працаваць празрыста. Ён гарантаваў бізнесу падтрымку і абарону ва ўмовах функцыянавання Мытнага саюза.
Лукашэнка патрабуе ўлічваць маральны фактар пры вырашэнні праблем прадпрымальнікаў
Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці.
«Галоўнае — чалавечы фактар, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Людзей крыўдзіць нельга. Трэба зрабіць тонка і акуратна, каб людзі не пакрыўдзіліся. Бо за кожным — сям’я. Гэта маральны фактар, і яго трэба ставіць на першае месца».
Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што прадпрымальнікам трэба «выходзіць на нармальны, празрысты бізнес, паставіўшы сябе ў аднолькавыя ўмовы з іншымі. А галоўнае — каб яны працавалі сумесна з беларускай лёгкай прамысловасцю, рэалізуючы айчынныя тавары».
«Калі мы гаворым аб бізнесе, то галоўнае — канкурэнцыя ў роўных умовах, незалежна ад форм уласнасці», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
А цяпер сітуацыя склалася такім чынам, што частка прадпрымальнікаў працуе празрыста, а частка — не прымае новых умоў дзейнасці, прадугледжаных заканадаўствам.
Прэзідэнт таксама перасцярог прадпрымальнікаў ад звязвання іх інтарэсаў з палітыкай.

Лукашэнка: пры ўрэгуляванні сітуацыі ў прадпрымальніцкім асяроддзі неабходна ўлічваць інтарэсы ўсіх бакоў
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўрад у прысутнасці прадпрымальнікаў, іх прадстаўнікоў павінен адказаць на шэраг пытанняў. «Па-першае, што прапануецца для ўрэгулявання сітуацыі ў прадпрымальніцкім асяроддзі? Па-другое, як будуць улічаны інтарэсы ўсіх бакоў — спажыўцоў, прадпрымальнікаў і дзяржавы?» — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, «ні ў чым не павінна быць страт — ні ў насычэнні таварамі ўнутранага рынку, ні ў забеспячэнні работай актыўнай часткі насельніцтва, ні ў паступленні падаткаў у бюджэт».
«Мы павінны выслухаць прадпрымальнікаў, якія ў іх прапановы па вырашэнні пастаўленых імі ж пытанняў, і па выніках абмеркавання павінны прыняць рашэнні з перспектывай гэтага віду бізнесу ў краіне», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на тым, што ні ў якім разе нельга крыўдзіць людзей. «Чакаю сістэмнага даклада ад урада для прыняцця рашэння», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: пры вырашэнні праблем прадпрымальнікаў трэба дзейнічаць гібка і прымяняючы эканамічныя механізмы
«Шмат аб чым мы сёння ўжо гаварылі, у тым ліку з прадпрымальнікамі. У кожнага склаліся пэўныя настроі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але, на жаль, ужо 10 гадоў з зайздроснай рэгулярнасцю вяртаемся да работы прадпрымальнікаў. У мінулым годзе пасля разгляду гэтага пытання на нарадзе ў Прэзідэнта і дадатковага абмеркавання з прадпрымальнікамі быў прыняты ўказ нумар 222. У ім прадугледжвалася, што з 1 ліпеня 2014 года ўводзіцца правіла — дакументальна пацвярджаць набыццё рэалізуемай прадукцыі. Тады ж быў устаноўлены пераходны перыяд да 1 сакавіка 2015 года, каб даць магчымасць прадпрымальнікам рэалізаваць ужо ўвезеныя па старых правілах тавары. Гэта была іх просьба».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: яго інфармуюць, што за мінулы год палавіна прадпрымальнікаў здолела выканаць устаноўленыя дзяржавай патрабаванні і перайшла на празрыстыя метады работы. Аднак гэта зрабілі не ўсе. І цяпер яны просяць падоўжыць тэрмін продажу існуючых астаткаў тавараў, увезеных без дакументаў. «Тады прасілі распрадаць тое, што заляжалася, цяпер — тое ж самае. Пры гэтым спасылаюцца на складанасці з рэалізацыяй, дзеянні расійскіх прадаўцоў, якія не прадстаўляюць ім адпаведныя дакументы, на дарагоўлю, мізэрнасць асартыменту і нізкую якасць прадукцыі, якую можна набыць на айчынных аптовых складах, не выязджаючы за мяжу, — адзначыў Прэзідэнт. — Указваюць на тое, што нашы партнёры па Еўразійскім эканамічным саюзе не патрабуюць выканання сваімі індывідуальнымі прадпрымальнікамі аналагічных норм і тым самым ставяць беларусаў у няроўныя ўмовы».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ўсе меркаванні павінны быць пачуты і ўлічаны.

Лукашэнка: з 1 студзеня 2016 года ўсе прадпрымальнікі будуць працаваць у аднолькавых умовах
«Больш адтэрміноўкі не будзе! І так робім вельмі вялікія адступленні», — сказаў кіраўнік дзяржавы, маючы на ўвазе гандаль індывідуальных прадпрымальнікаў без сертыфікатаў, якія пацвярджаюць якасць тавараў.
«Трэба ісці да цывілізаванай формы гандлю, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта ненармальна, калі мы без дакументаў сумкамі возім тавар. Гэта нават нас прыніжае».
«Без дакументаў у Беларусі ніхто працаваць не будзе! Усё роўна некалі трэба пераходзіць да гэтай цывілізацыі. Тым больш з маімі жорсткімі падыходамі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, усе прадпрымальнікі ў краіне павінны працаваць у аднолькавых умовах. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў індывідуальным прадпрымальнікам аб’яднацца і разам падумаць над тым, як яны маюць намер працаваць з будучага года ў такіх умовах. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў выпадку неабходнасці ім будзе аказана дапамога, у тым ліку крэдытнымі сродкамі Сусветнага банка, Банка развіцця.

Урад Беларусі прапануе механізмы плаўнага пераходу ІП да больш цывілізаваных форм работы
Гэтыя прапановы агучыў 17 сакавіка на нарадзе ў Прэзідэнта па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці першы віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі.
Урад сумесна з бізнес-супольнасцю распрацаваў дапаўненні і змяненні ва ўказ ад 16 мая 2014 года нумар 222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі». Праектам дакумента прапануецца даць права індывідуальным прадпрымальнікам — плацельшчыкам адзінага падатку рэалізоўваць тавары без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, з адначасовым павелічэннем ставак падатку. Таксама прадугледжваецца ўстанаўленне для замежных грамадзян закрытага пераліку тавараў, якія яны маюць права рэалізоўваць або прапаноўваць да продажу на рынках або іншых месцах, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Такія меры прапануюцца для таго, каб ураўнаваць у правах замежных грамадзян і беларускіх, адзначыў першы віцэ-прэм’ер. «Гэта будзе садзейнічаць стварэнню аднолькавых умоў для рэалізацыі тавараў фізічнымі асобамі, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць», — сказаў Васіль Мацюшэўскі.
Ён звярнуў увагу, што ў той жа час у выпадку прадастаўлення права індывідуальным прадпрымальнікам — плацельшчыкам адзінага падатку ажыццяўляць рознічны гандаль таварамі без дакументаў, што пацвярджаюць іх набыццё, ствараюцца няроўныя канкурэнтныя ўмовы для айчынных вытворцаў аналагічных тавараў, а таксама суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць імпарт і рэалізацыю тавараў у адпаведнасці з устаноўленымі патрабаваннямі. «Каб не ствараць прэферэнцый для гандлю таварамі сумніўнай якасці, а самае галоўнае — згладзіць няроўныя ўмовы дзейнасці суб’ектаў гандлю, прапануецца для прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку павялічыць падатковую нагрузку на 50 працэнтаў, устанавіць для іх просты і зразумелы парадак выплаты ПДВ у фіксаванай суме ў памеры 4-кратнай стаўкі адзінага падатку і выплаты адзінага падатку», — сказаў Васіль Мацюшэўскі.
Пытанні неаднолькавых канкурэнтных умоў з беларускімі вытворцамі — афіцыйнымі імпарцёрамі прапануецца вырашыць эканамічнымі метадамі шляхам штогадовага паступовага павышэння падатковай нагрузкі: з 2016 года — павелічэнне ПДВ у фіксаванай суме да 5-кратнай стаўкі адзінага падатку, з 2017 года — да 6-кратнай стаўкі адзінага падатку.
«Такім чынам, прадпрымальнікі будуць загадзя ведаць правілы работы на бліжэйшую перспектыву, — лічыць Васіль Мацюшэўскі. — У цэлым прыняцце гэтых змяненняў і дапаўненняў будзе садзейнічаць павелічэнню падатковых паступленняў, стабілізацыі сітуацыі ў прадпрымальніцкім асяроддзі, забеспячэнню больш плаўнага пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў на празрыстыя і цывілізаваныя формы работы».

Беларускія ІП змогуць прадаваць тавары легпрама без дакументаў да 1 студзеня 2016 года
Аб гэтым сёння па выніках нарады па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
«Работа без дакументаў прадаўжаецца да 1 студзеня 2016 года. Пасля 1 студзеня 2016 года работа толькі па дакументах, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў. — На працягу года роўнымі часткамі, за тры разы стаўка ПДВ будзе павышацца з 2 да 4». Што датычыцца дакументаў, якія пацвярджаюць якасць, то іх наяўнасць будзе абавязковая таксама з 1 студзеня 2016 года.
Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што ўлады запрашаюць ІП да супрацоўніцтва і ў пытанні фарміравання асартыменту аптовых баз. У бліжэйшы час будуць вызначаны структуры, якія будуць займацца падрыхтоўкай і ўвозам аптовых партый тавараў. Урад і мясцовыя органы ўлады правядуць адпаведную работу, вывучаць попыт і арганізуюць нармальны ўвоз тавараў для рэалізацыі на аптовых базах, у магазінах-складах. «Так, каб гэтыя тавары былі з усімі дакументамі і самае галоўнае, каб яны былі вамі запатрабаваны», — сказаў прэм’ер-міністр, звяртаючыся да ІП. Меры, якія будуць прымацца для таго, каб тавары без дакументаў не рэалізоўваліся, стануць галоўнай перашкодай для кантрабанды, рэзюмаваў кіраўнік урада.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *