Плюсы и минусы мобильной почты в Шумилинском районе

Актуалии Общество Сельское хозяйство

Пошта на колах
Сіні УАЗік з надпісам “Белпошта” трымае шлях з Шуміліна у Непароты, Амбросавічы, Дабею, Боськава, Бараноўскія… Першая гадзінная стаянка – у Навіках. Тут год таму закрылі нерэнтабельнае аддзяленне сувязі, цяпер вяскоўцаў абслугоўвае перасоўная паштовая машына.
У Навіках мы сустрэліся і з начальнікам перасоўнага аддзялення В. В. Кітовай. “Аказваем поўны спектр паслуг, якія ёсць і на стацыянарнай пошце, – расказала Валянціна Васільеўна. – Прыходзяць людзі, каб аплаціць камунальныя паслугі, атрымаць “малочныя” грошы, адправіць грашовы перавод”.
У Навіках ля паштовай машыны мы не ўбачылі чаргі. Іх тут не бывае дзякуючы рабоце мясцовай паштальёнкі Ліліі Міхайлаўны Красіцкай. Яна добра ведае густы і патрабаванні вяскоўцаў, працуе ў асноўным па заказу: прадае прадукты, забягае ўзяць аплату за электраэнергію ці тэлефон. Падпісвае і на перыядычныя выданні. Дарэчы, з 56 падпісчыкаў палова выпісваюць раённую газету. Лілія Міхайлаўна з разуменнем адносіцца да новаўвядзення, лічыць работу перасоўнага паштовага аддзялення добрай.
Калі ў Навіках вяскоўцы памяркоўна адносяцца да паштовага перасоўнага аддзялення, то ў Полькавічах (тут таксама год таму зачынілі пошту) не згодны з такім рашэннем. У гэтай вёсцы многія не задаволены, што зімой машына часта спазняецца. “Так, гэты недахоп у рабоце прызнаём, – гаворыць начальнік раённага вузла паштовай сувязі К. Г. Анацка. – Але ж спазненні зусім не па віне нашых работнікаў. Справа ў тым, што з Віцебска паштовая машына вязе карэспандэнцыю спачатку ў Бешанковічы і Улу, а потым ужо ў Шуміліна. З-за заснежаных дарог часта спазняецца. Але гэту праблему вырашаем: з лютага на ўласнай машыне будзем ездзіць за газетамі ў Віцебск. Адрэгулюем час, і спазненняў у рабоце перасоўнай пошты не будзе”.
Размаўляючы з вяскоўцамі ў Полькавічах, мы высветлілі, што скаргаў і прэтэнзій на нейкую канкрэтную паслугу работы паштавікоў ніхто не мае. У машыне “Белпошта” ўстаноўлены камп’ютар, які працуе на генератары, за кожную аплачаную паслугу кліенты атрымліваюць чэк. У машыне ўстанавілі спецыяльныя вагі для заказных лістоў і іншых паштовых адпраўленняў…
“Але заўсёды знаходзяцца два-тры чалавекі, якія скардзяцца, што ў вёсцы няма стацыянарнай пошты, – гаворыць намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Г. В. Даніловіч. – Зачынілі яе ў Полькавічах таму, што некага было паставіць загадчыкам, яго шукалі месяцы чатыры. І калі ніхто не згадзіўся, вырашылі, што пошта на калёсах усё ж лепш, чым вымушаць хадзіць з Полькавіч у крывасельскае аддзяленне сувязі”.
Паштовая машына па заказу вяскоўцаў прывозіць нават і лякарства з аптэкі. І хоць у маленькіх вёсачак (Духравічы, Улазавічы, Стралкі, Івоніна) не прадугледжаны стаянкі, некаторыя вяскоўцы выходзяць на дарогу, чакаюць ля паштовых скрыняў, каб, скажам, купіць тушонкі ці пакласці грошы на мабільны тэлефон.
Пытаемся ў К. Г. Анацка, ці рэальна зноў у Полькавічах адчыніць паштовае аддзяленне. “Упаўне. Мы заўсёды прыслухоўваемся да думкі кліентаў, – гаворыць Казімір Гедымінавіч. – Але ж перш чым пісаць хадайніцтва ў Мінск, трэба знайсці загадчыка пошты. Ніхто не згаджаецца на гэту пасаду”.
Дзеля зручнасцей вяскоўцаў плануюць павялічыць час стаянкі машыны ў Полькавічах да паўтары гадзіны. Па просьбе людзей на перасоўнай пошце ў аўторак (у гэты дзень магазін у вёсцы не працуе) прывозяць больш хлебабулачных вырабаў. А ў будучым для перасоўнага аддзялення мяркуюць атрымаць з вобласці больш сучасную і зручную машыну. Дарэчы, ствараць яшчэ адну пошту на колах у раёне ў бліжэйшы час не будуць, бо ўсе паштовыя аддзяленні працуюць рэнтабельна.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *