День открытых дверей в агроэкоусадьбах Шумилинского района

Актуалии Сельское хозяйство Экология

Турыстычная карта раёна
26 мая рабочая група ў складзе зацікаўленых службаў здзейсніла аб’езд аграэкасядзіб нашага раёна з мэтай ацаніць іх гатоўнасць да новага сезона адпачынку, пажадаць поспеху і дапамагчы канкрэтнай парадай
ці кампетэнтнай кансультацыяй гаспадарам, якія аказваюць турыстычныя паслугі.

Прыстань апошняга рамантыка
Анатоль Бычкоў і яго “Обальскія катамараны” знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасці прыняць аматараў актыўнага адпачынку. “Мой кліент – рамантык, – заўважае гаспадар флатыліі, – а зараз, на жаль, дамаседаў становіцца ўсё больш”. Але тым не менш, апроч пастаянных гасцей, паспрабаваць сябе ў экстрэмальным адпачынку прыязджаюць новыя і новыя аматары, часцей – з Шуміліна. За мінулы год А. Л. Бычкоў прыняў каля 90 турыстаў і зарабіў ажно (усміхаецца) пяць мільёнаў. Сёлета, па-ранейшаму, можна разлічваць на пяць яго катамаранаў, якія ўжо  прайшлі поўную праверку і гатовы спускацца на ваду. Але сціплы кошт гаспадар усё ж падыме з 300 да 400 тысяч за судна (4 месцы).
Ваенна-марская арганізацыя нашага раёна на чале з А. Л. Бычковым будуе зараз шасцівёславы ял на 13-14 пасажыраў, калі хадзіць на вёслах (7-8 чалавек пры хаджэнні пад парусам). За работай над гэтым суднам мы і заспелі гаспадара. Кажа, што спускаць карабель будуць на Шумілінскам возеры, там жа і трымаць, пабудаваўшы дзеля гэтага спецыяльны элінг. Магчыма, што ўдасца арганізаваць і клуб юнага марака. Сапраўдных рамантыкаў не спыняць ні цяжкасці, ні нейкія там скептыкі. І як правіла, у іх усё атрымліваецца.

Гасцей чакае 700-гадовы дуб
На беразе Заходняй Дзвіны ў вёсцы Ерашова размясцілася гасцінная сядзіба Антаніны Шадзько (на фота ўверсе). Домік на шэсць чалавек з усімі гарадскімі зручнасцямі, выдатная лазня, альтанка, да якой сёлета прырос і балкончык. З балкона адкрываецца маляўнічы від на раку, да вады вядзе спецыяльны сход з прыступкамі. Антаніна Расціславаўна пакуль не вызначылася з коштам гасцявання, але заўважыла, што, улічваючы крызіс, вельмі ўздымаць цэны не будзе.
Магчыма, хто-небудзь возьме і паедзе ў Ерашова для таго, каб на свае вочы ўбачыць старажыла вёскі – магутны неабдымны дуб. Па сціплых падліках, дрэву ні многа ні мала – 700 год. Чым не выдатнасць?!

Едуць да бабулі Лідзіі
Абмялела Дзвіна, скардзілася Лідзія Мікалаеўна Пацябенька, гаспадыня аграэкасядзібы “Дзвінскі рай”, што ў вёсцы Чэрчыцы. Хвалюецца, што гэты факт можа дрэнна паўплываць на прывабнасць адпачынку ў яе сядзібе. Але ў турыстычным бізнесе жанчына даўно, і пастаянныя кліенты ў яе ёсць. Прыязджаюць да яе быццам унукі да бабулі. Вось і зараз чакае заезду шасці сем’яў. Рыхтуецца. Пра кошт гасцявання пакуль таксама не гаворыць: былі б людзі, маўляў, пра цану дамовімся.

“У Пятровіча” сезон адкрыты
Не стаміўся ад шматлікіх гасцей і В. П. Зянькоў, гаспадар аграсядзібы “У Пятровіча”, што ў аграгарадку Башні. Абсталяваўшы для прыёму гасцей уласныя хату і двор, гаспадар робіць усё, каб гасцям у яго было камфортна, каб захацелася прыехаць яшчэ. І прыязджаюць, не толькі беларусы, але і госці з блізкага замежжа. Сезон толькі адкрыўся, а ў Пятровіча было ўжо тры заезды гасцей.
За мінулы год Васіль Пятровіч зарабіў 7,4 мільёна рублёў. Гэты прыработак дазволіў мужчыну набыць бензакасу і бензапілу, чаго раней ён дазволіць сабе не мог.  Дарэчы, кошт гасцявання гаспадар не мяняў, цэны “замарозіў”. Да прыкладу, суткі знаходжання ў аграсядзібе каштуюць 150 тысяч рублёў.

Пра віды на возера і на будучае
Сёлета заявіў пра сваё існаванне і яшчэ адзін аб’ект аграэкатурызму – сялянская сядзіба “Міжазер’е” ў вёсцы Гародна Дабейскага сельсавета. Гаспадыня Ірына Дзяцел разам з мужам Віктарам яшчэ ў 2013 годзе ўзяліся за будаўніцтва дома паміж азёрамі Гародна і Сосна (таму і сядзіба так называецца). Той будынак, які ўжо ёсць сёння, гаспадары сціпла называюць лазняй. Але гэта тая яшчэ лазня, скажу я вам. Абсталяваная кухонная зона, абедзенны стол для вялікай кампаніі, сама лазня і два пакоі на другім паверсе. Дом гатовы прымаць гасцей, рыбакоў, якім будзе прадастаўлена лодка, аматараў прыроды і цішыні. А шыкоўны від на возера, што адкрываецца з вокнаў пакояў, апісаць словамі складана. У планах гаспадароў пабудаваць яшчэ адзін дом на пяць пакояў. Будаўніцтва ўжо распачата. Віктар расказаў, што шмат сям’ёй ездзілі да мора, бачылі, як прымаюць гасцей, напрыклад, у Адэсе, іншых курортных гарадах, і падумалі:, а чаму б і самім не паспрабаваць. І паспрабавалі. Фундамент бізнесу закладзены, планаў на будучае багата.

Душу няволіць паляванне
На тэрыторыі комплексу ў Роўным знаходзяцца асноўны будынак для гасцей, лазня і домік аховы, расказаў і паказаў інжынер па паляўнічай гаспадарцы лясгаса Аляксандр Сяргееў. Нядаўна пабудавалі яшчэ і вальеры для жывёл: паляўнічыя часта прыязджаюць са сваімі сабакамі.
Адначасова “Домік паляўнічага” ў Роўным можа прыняць 13 чалавек. Прычым, чым большая кампанія прыязджае, тым танней абыходзіцца гасцяванне. За першы квартал комплексам было зароблена каля 80 мільёнаў, а за мінулы год пры плане ў 350 мільёнаў удалося зарабіць 470. Сёлета даведзены план у 550 мільёнаў.
Нягледзячы на тое, што першапачаткова гэты комплекс задумваўся з мэтай арганізацыі паляўнічых тураў, адпачыць тут можа любы жадаючы. Як заўважыў Аляксандр, выхадныя ўжо распісаны наперад. Але ўсё ж стаўка робіцца менавіта на паляўнічых, якія гатовы добра плаціць за сваё захапленне. Лясгас супрацоўнічае з турагенцтвамі, дзякуючы чаму Шуміліншчыну наведваюць заможныя людзі, у тым ліку і чужаземцы. Гэты турыстычны бізнес, канечне, сур’ёзна падкасіла сітуацыя з дзікамі. Але ж арганізатары выходзяць з палажэння, наладжваюць іншыя паляўнічыя туры: на птушку, на бабра. Ёсць шмат планаў па добраўпарадкаванні прылягаючай надзвычай маляўнічай тэрыторыі, робяць стаўку таксама на гаючыя ўласцівасці возера Канаплянка.
Камісія засталася задаволеная тым, што ўбачыла. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што турыстычны сезон на Шуміліншчыне адкрыты. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў і ўсе члены камісіі сышліся на думцы, што шумілінская зямля найпрыгажэйшая, і ў нас ёсць чым здзівіць і прывабіць турыста, нават самага патрабавальнага.
Наталля Чарнічэнка.
Надрукавана ў №42 ад 02.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *