Шумилинские ветераны провели экскурсию в Обольском болоте

Общество Экология

Іваноўскі павёў ветэранаў на балота
Працягваецца праект грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) “Птушкам усе ўзросты даступны”. У нас праект для раённай арганізацыі ветэранаў рэалізуюць раённае аддзяленне АПБ і Цэнтр дзяцей і моладзі.
У мінулы чацвер  актывісты раённай ветэранскай арганізацыі на чале са старшынёй К. Ф. Палоўнікавай адправіліся на экскурсію… на Обальскае балота. Адзначым, што самаму старэйшаму турысту было за 80 гадоў. “Ветэраны шмат дзе чулі пра обальскае балота, але нямногім удалося пабываць тут, — расказвае Кацярына Фамінічна, — таму групу пад дваццаць чалавек сабраць было нескладана”.
Экскурсаводам выступіў вядомы арнітолаг У. В. Іваноўскі, які для ветэранаў абраў больш лёгкі маршрут. Як прызнаўся Уладзімір Валянцінавіч, з такой аўдыторыяй адправіўся на балота ўпершыню. Першы кіламетр па лесе паказаў, што для многіх ветэранаў гэты паход лёгкім не будзе. Але яны стойка і з гумарам пераносілі выпрабаванне падарожжам:
— Праца на агародзе ў параўнанні – адпачынак.
— Усе ведалі, што ў балота пойдзем – няма чаго цяпер ныць.
— Цяпер зразумела, чаму лясныя ягады на рынку такія дарагія…
Кожны новы прыпынак – сапраўднае новае адкрыццё. У. В. Іваноўскі расказвае пра расліны, дрэвы і бачна, што многія ветэраны робяць для сябе адкрыцці.
І вось, нарэшце, даходзім да верхавога балота, якое сустракае нас багаццем журавін. Яны яшчэ напалову зялёныя, але наўрад ці хтосьці з ветэранаў еў больш смачныя ягады, чым у гэты дзень. Балота ўражвае сваім абшарам, цікавымі раслінамі (дарэчы, некаторыя ўпершыню пабачылі такую расліну як расянка). Жанчыны рады кароткаму адпачынку, разглядваюць расліны, збіраюць у жменькі журавіны, а экскурсавод заседжвацца не дае, з усмешкай падбадзёрвае: “Той, хто ходзіць па балоце, мае талію асы, а ногі Артэміды…” І яны ішлі ўперад. А балота дарыла новыя адкрыцці і мацавала сілы, якіх ветэранам хапіла і для наведвання музея камсамольскага падполля.
І хоць ногі назаўтра гулі, але ветэраны проста ў захапленні ад экскурсіі на Обальскае балота. “Цудоўныя ўражанні! Успамінаў пра балота хопіць надоўга, – ад імя ўсіх ветэранаў кажа К. Ф. Палоўнікава. – Дарэчы, пасля балота ў некаторых нават ціск стаў нармальным. Гатовы да новых паходаў. Цяпер мы абдумваем, як бы пакатацца на катамаранах…”

* * *
У пачатку жніўня адбылося пасяджэнне раённай арганізацыі ветэранаў, на якім шмат увагі ўдзялілі правядзенню раённых аглядаў-конкурсаў “Мая зямля – мой родны дом” і “Лепшая пярвічная арганізацыя-2012”. Старшыня раённай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава падкрэсліла, што актыўны ўдзел ў гэтых мерапрыемствах будзе садзейнічаць павышэнню сацыяльнага статусу ветэранскай суполкі.
Таксама на пасяджэнні абмеркавалі Палажэнне Рэспубліканскага савета ветэранаў “Ганаровы ветэран”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №64 ад 14.08.2012 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *