Добрые дела Красного Креста в Шумилинском районе набирают оборот

Актуалии Общество

Добрыя справы працягваюцца
У маі “Чырвоны Крыж” святкуе свой дзень нараджэння. Звычайна да гэтай даты падводзяцца вынікі работы. Хочацца расказаць пра іх на старонках раённай газеты.
У вёсцы Мікалаёва другі год  працуе міні-праект “Міласэрнасць”. Аснову валанцёрскага атрада складаюць добрыя і адказныя людзі, якія гатовы ў любы час сутак дапамагчы нямоглым людзям. Для рэалізацыі міні-праекта  Чырвоны Крыж купіў бензапілу  – цяпер у састарэлых няма праблем з распілоўкай дроў. Таксама закупілі электракасу і танометр. Кіраўніком міні-праекта з’яўляецца Ф. П. Бізунова, ёй дапамагаюць настаўніца Кардонскай школы З. М. Цяцерка, загадчыца дзіцячага сада В. А. Гушча, сацыяльны работнік Н. С. Барысевіч, загадчыца гаспадаркі Мікалаёўскай бальніцы В. А. Літоўка, загадчык сельскага клуба А. І. Казлоў і іншыя добрыя людзі. А нядаўна да праекта далучылася загадчыца паштовага аддзялення М. С. Багрэц.
Пры Мішневіцкай сярэдняй школе пры садзейнічанні Чырвонага Крыжа створаны валанцёрскі атрад “Мы разам”. Школьнікі  з настаўнікамі ўзялі шэфства над тымі людзьмі, якія жывуць у Мішневіцкім прытулку. Ля бальніцы школьнікі высадзілі малады сад – дрэвы і пладова-ягаднае кустоўе.  Дзейнасць мішневіцкіх валанцёраў-школьнікаў адзначана граматай рэспубліканскага Чырвонага Крыжа. А яшчэ мы выйгралі ў конкурсе малых грантаў па падтрымцы сацыяльна значных ініцыятыў і сумесна з аддзелам культуры райвыканкама ў бліжэйшы час пачынаем новы праект, накіраваны на работу з дзецьмі-інвалідамі.
Да мінулага навагодняга свята наша арганізацыя правяла маштабнае мерапрыемства па зборы навагодніх падарункаў для дзяцей, якія знаходзяцца ў Обальскім прытулку. Вестка аб праекце разнеслася хутка, і падарункі для дзяцей пачалі перадаваць з Віцебска, Мінска, Масквы.
Зімой мы рэалізавалі некалькі праектаў, накіраваных на збор цёплага адзення. У адным з іх кожны жадаючы мог узяць ніткі, якія нам падарыў віцебскі дывановы камбінат,  звязаць цёплыя рэчы і перадаць іх дзецям ці састарэлым. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі гэтага праекта былі Т. В. Гусакова, А. В. Паўлава і В. В. Петрусевіч. Па другому з праектаў нашы даўнія сябры кампаніі “Pllutto” перадалі (ужо ў каторы раз)  для дзяцей новае зімовае адзенне. На выручку прыйшлі і жыхары нашага раёна. Дастаткова аператыўна сабралі адзенне для 120 жыхароў раёна, а таксама дапамаглі рэчамі састарэлым, што знаходзяцца ў Мішневіцкай бальніцы сястрынскага догляду.
У нашых культурна-забаўляльных мерапрыемствах удзельнічаюць артысты гарадскога Дома культуры і творчыя калектывы нашага раёна. Напрыклад, народны клуб “Ветэран”, ансамбль “Абалянка”, вакальная група народнага хору “Світанак”, вучні СШ №1. А з удзелам мастацкага калектыву Мікалаёўскага сельскага клуба праводзім творчыя сустрэчы ў бальніцы, дзе жывуць адзінокія састарэлыя людзі.
Зараз мы праводзім дабрачыннае мерапрыемства – конкурс-выставу. У яго рамках у СШ №1 праходзіць фотавыстава двух беларускіх падарожнікаў, нашых даўніх сяброў і пастаянных удзельнікаў  дабрачынных акцый – Людмілы Антаноўскай і Аляксандра Варанішчы. У будучым работы з экспазіцыі будуць падораны інтэрнатам, бальніцы, дзіцячаму прытулку. Таксама ў ходзе мерапрыемства пройдзе конкурс дэкаратыўна-прыкладнога  і выяўленчага мастацтва сярод дзяцей цэнтра карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі і навучэнцаў малодшых класаў школ раёна.  Дыпломы і падарункі ад Чырвонага Крыжа атрымаюць пераможцы конкурсу ў кожнай намінацыі.
Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа праводзіць збор мастацкай літаратуры для папаўнення бібліятэк у сельскіх бальніцах у Мікалаёве і Мішневічах. Таксама збіраем кнігі для дзяцей Мішневіцкага інтэрната.
Некалькі дзён таму мы даставілі дзецям Обальскага прытулку новае адзенне – яго падарылі нашы сябры, якія заўсёды прымаюць удзел у нашых праектах. 16 мая пабывалі ў гасцях у пажылых людзей, домам для якіх зараз стала Мікалаёўская бальніца. Артысты Мікалаёўскага клуба падрыхтавалі для іх цікавы канцэрт.
Многа праектаў наперадзе: удзел у міні-марафоне з інвалідамі-калясачнікамі (ён пройдзе ў Віцебску), новы валанцёрскі праект па аказанні дапамогі сацыяльна неабароненай катэгорыі насельніцтва ў Мішневічах і іншыя. Хочацца сказаць словы ўдзячнасці ўсім неабыякавым людзям, якія падтрымліваюць нашы праекты. Нагадваем, што кожны жадаючы можа стаць валанцёрам. Тэлефон для даведак 8-029-511-42-90.
В. ЧЫЖЫКАВА, старшыня Шумілінскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Надрукавана ў №41 ад 25.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *