23 мая прошла «прямая линия» председателя Шумилинского райисполкома В. П. Куренного с жителями района

Актуалии Общество Президент

Председатель Шумилинского райисполкома В. П. Куренной

Выслухаць і дапамагчы
У нашым паўсядзённым жыцці хапае пытанняў і праблем. І не заўсёды чалавек сам можа з імі справіцца. У такім выпадку ў кожнага ёсць магчымасць звярнуцца ў любую дзяржаўную структуру, да мясцовай улады. Бо спецыяльна для гэтага праводзяцца прыёмы грамадзян, шматлікія «прамыя» і «гарачыя» лініі.
Вось і 23 мая старшыня райвыканкама У. П. Куранны праводзіў чарговую «прамую» лінію, якую некаторыя жыхары раёна скарысталі і для таго, каб  папрасіць дапамогі ў вырашэнні набалелых праблем, і каб падзякаваць уладам за зробленае.
Так, Л. І. Кандратовіч з райцэнтра падзякавала за тое, што ля “баракаў” на Ленінскай прыбралі лядашчыя гаспадарчыя пабудовы, зрабілі добрую агароджу, вуліцу заасфальтавалі. Разам з тым жанчына паскардзілася, што не можа дабіцца рамонту кухні. Дом на балансе “Шумілінскага райаграсэрвісу”, яго кіраўніку У. А. Арлову  старшыня райвыканкама даў тыдзень на абследаванне і прыняцце рашэння па гэтых дамах.
Просьбу жыхаркі вуліцы Рабочай С. В. Голубевай аб падсыпцы ўчастка дарогі на Рабочай-Лугавой Уладзімір Пятровіч даручыў выканаць у самыя сціслыя тэрміны ДРБУ-204 і УП ЖКГ. Неадкладна загадана прыняць меры па выпраўленні сітуацыі  па доме,  у падвал якога цякуць каналізацыйныя сцёкі (аграгарадок Амбросавічы, вуліца Кааператыўная, д. № 3).
На працягу чэрвеня камунальнікі павінны адрамантаваць і працякаючыя ўчасткі даху дома № 11 па вуліцы Кароткіна.
З вельмі хвалюючай праблемай звярнулася да кіраўніка раёна былая даярка з вёскі Сураўні Г. В. Гушча. Яна інвалід 1-й групы, прывязана да інваліднай каляскі, і хоць жыве на першым паверсе, выбрацца самастойна на вуліцу не можа. Іншая справа, калі б быў пандус…
Уладзімір Пятровіч паабяцаў абавязкова дапамагчы, калі дазволяць тэхнічныя ўмовы памяшкання.
А вось на просьбу М. І. Кавалёвай з вуліцы Ленінскай адрамантаваць вулічныя гаспадарчыя пабудовы У. П. Куранны адказаў адмовай, сказаў, што гэтыя струхлелыя збудаванні наогул трэба знесці.
Не паабяцаў у бліжэйшы час старшыня райвыканкама станоўча вырашыць і пытанне, з якім ад імя жыхароў Шуміліна звярнулася Л. Ф. Мурашка – па асфальтаванню завулка ад універмага да “Аховы”, а таксама прышкольнай тэрыторыі ля СШ № 1.  Уладзімір Пятровіч нагадаў, што райвыканкамам прынята рашэнне кожны год добраўпарадкоўваць па тры вуліцы ў райцэнтры і што не трэба распыляць сродкі.
На “прамую лінію” паступілі і іншыя звароты. У адным з іх, напрыклад, было ўзнята пытанне аб узаемаадносінах суседзяў, аб іх поглядах на добраўпарадкаванне свайго і суседскага ўчастка.
Напрыканцы “прамой лініі” пазваніла С. А. Літоўка з аграгарадка Кардон, каб падзякаваць за тое, што яе просьбу пачулі і адрамантавалі вентыляцыю на тэхнічным паверсе, яна спадзяецца, што цяпер у яе кватэры будзе суха.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №41 ад 25.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *